Новым вярхоўным архібіскупам Эрнакуламска-Ангамальскім абраны былы епарх Шамшабадскі Рафаэль Татціл. Аднак Апостальскім адміністратарам Эрнакуламска-Ангамальскай архіепархіі да адклікання Апостальскай Сталіцай застаецца выслужаны епарх Мельбурнскі Боска Путур.
У сераду, 10 студзеня 2024 г., у Ватыкане паведамілі, што Папа Францішак зацвердзіў просьбу аб пацвярджэнні выбару, накіраваную дастойным біскупам Рафаэлем Татцілам, цяперашнім епархам Шамшабадскім, якога 9 студзеня Сінод біскупаў Сіра-Малабарскай Каталіцкай Царквы кананічна абраў вярхоўным архібіскупам Эрнакуламска-Ангамальскім.
Выбарчы Сінод сабраўся пасля таго, як 7 снежня 2023 г. было абвешчана, што Папа Францішак прыняў адрачэнне тагачаснага кіраўніка Сіра-Малабарскай Царквы Яго Блаславенства кардынала Джорджа Аленчэры. У той жа час паведамляецца, што біскуп Боска Путур, ганаровы епарх Мельбурнскі, застаецца Апостальскім адміністратарам Эрнакуламска-Ангамальскай архіепархіі да таго часу, пакуль не будзе адкліканы Апостальскай Сталіцай.
Сіра-Малабарская Каталіцкая Царква паходзіць ад так званых хрысціянаў апостала Тамаша і галоўным чынам сканцэнтравана на Малабарскім узбярэжжы Індыі (цяпер штат Керала), а таксама існуюць шматлікія суполкі вернікаў у дыяспары. Яна, падзяляючы духоўную спадчыну Асірыйскай Царквы Усходу, знаходзіцца ў поўнай эўхарыстычнай еднасці з Каталіцкай Царквой і мае ўласную тысячагадовую традыцыю. Сёння гэта адна з найбуйнейшых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.
Яго блаславенства Рафаэль Тутціл нарадзіўся ў 1956 г. у Трычуры (Індыя). Пасля заканчэння семінарыі на радзіме вучыўся ў Папскім Усходнім інстытуце ў Рыме, дзе абараніў дактарат па кананічным праве. У 2010 г. ён быў абраны дапаможным біскупам Трычурскім, а ў снежні 2013 г. Святы Айцец Францішак прызначыў яго Апостальскім візітатарам для малабарскіх вернікаў у Індыі, якія жывуць па-за тэрыторыяй гэтай Царквы. У 2017 г. біскуп Рафаэль узначаліў новаствораную Шамшабадскую епархію.