Просім Цябе, Госпадзе, будзь дапамогай і падтрымкай нашай. Вызвалі тых з нас, хто апынуўся ў нядолі;…

Просім Цябе, Госпадзе, будзь дапамогай і падтрымкай нашай. Вызвалі тых з нас, хто апынуўся ў нядолі; падымі тых, што ўпалі; прыйдзі на дапамогу тым, хто ў галечы; аздараві нядужых; вярні тых з Твайго народу, хто збіўся з дарогі; накармі галодных; вызвалі нашых вязняў; падымі бяссільных; падбадзёр маладушных; няхай спазнаюць усе народы, што Ты – адзіны Бог, Ісус Хрыстос – Дзіця Тваё, а «мы народ Твой і авечкі тваёй пашы» (Пс 79, 13).

Ты сваім намаганнем усталяваў вечны лад сусвету. Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, верны ва ўсіх пакаленнях, справядлівы ў меркаваннях, дзіўны ў сваёй моцы і велічы; мудры ў стварэнні і ўмелы ва ўладкаванні створанага. Ты добры ва ўсім, што бачнае, і верны тым, хто на Цябе спадзяецца, ласкавы і міласэрны; адпусці нам нашы беззаконні, несправядлівасць, грахі і правіны.

Не залічы ніякага граху слугам Тваім, але ачысці нас у праўдзе сваёй і скіруй нашы крокі, каб мы жылі ў пабожнасці, справядлівасці і прастаце сэрца і рабілі, што добрае і падабаецца Табе і тым, хто на чале нас.

Нарэшце, Госпадзе, пакажы Сваё аблічча па-над намі, каб мы цешыліся спакоем, былі абароненыя Тваёй магутнай правіцай і былі вызваленыя ад усякага граху Тваёй узнятай рукой. Уратуй нас ад усіх, хто нас несправядліва ненавідзіць.

Дай нам і ўсім жыхарам зямлі згоду і мір, як даў нашым продкам, якія пабожна Цябе заклікалі ў веры і праўдзе. Толькі Ты можаш зрабіць нам гэтае і большае дабро, Табе дзякуем праз Святара і апекуна нашых душаў Ісуса Хрыста, праз Якога Табе слава і веліч цяпер, з пакалення ў пакаленне і на вякі вякоў. Амін.

Св. Клімент Рымскі