Душа малітвы – гэта пост, а жыццё посту – міласэрнасць. Няхай ніхто іх не разрывае, бо іх нельга аддзяліць. Хто мае толькі адну з іх або не мае ўсяго разам, той нічога не мае. Такім чынам, хто моліцца, няхай посціць, а хто посціць, няхай праяўляе міласэрнасць, няхай выслухоўвае таго, хто ў просьбе сваёй хоча быць пачутым. Такім чынам ён адкрывае для сябе вушы Бога, Які ніколі не закрывае іх на голас прашэнняў.
Няхай той, хто посціць, зразумее пост. Няхай заўважае галоднага той, хто хоча, каб Бог заўважыў і ягоны голад. Няхай праяўляе міласэрнасць той, хто спадзяецца на міласэрнасць. Хто шукае зычлівасці, няхай сам будзе зычлівы. Хто хоча нешта атрымліваць, павінен сам даваць. Нягодна ж прасіць для сябе таго, у чым сам адмаўляеш іншым.
Чалавеча, няхай міласэрнасць стане тваім правілам. Тады і ты вельмі хутка і так, як толькі хочаш, зведаеш вялікую міласэрнасць. Будзь жа і сам такім жа міласэрным да іншых.
Таму малітва, міласэрнасць і пост няхай будуць нашай адзінай абаронай у Бога, няхай гэта будзе наша адзінае заступніцтва, адзіная і трохсутнасная малітва за нас.
Св. Пётр Хрызалог