«Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12). Адно ў гэтых словах з’яўляецца загадам, другое – абяцаннем. Дык будзем рабіць тое, што Ён загадаў, каб мы не жадалі бессаромна таго, што абяцаў, і каб не сказаў нам на сваім судзе: «Ці зрабіў ты тое, што Я загадаў, каб чакаць таго, што Я абяцаў?» Што ж наказаў Госпад, наш Бог? Ён кажа табе: «Ідзі за Мною». Ты прасіў парады наконт жыцця? Якога жыцця, як не таго, пра якое сказана: «У Табе крыніца жыцця» (Пс 36, 10).
Таму адразу возьмемся за справу і пойдзем за Госпадам, разарвем кайданы, якія перашкаджаюць нам ісці за Ім. А развязаць вузлы гэтых путаў можна толькі з дапамогай Таго, Каму было сказана: «Ты разарваў мае кайданы» (Пс 116, 16). Пра Яго кажа таксама іншы псальм: «Госпад вызваляе вязняў, Госпад узнімае прыніжаных» (пар. Пс 146, 7. 8).
За чым жа ідуць вызваленыя і ўзнятыя, як не за святлом, ад якого пачулі: «Я – святло свету. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12).
Св. Аўгустын