Нам узыходзіць ранішняя зорка
Нябёсы весяляцца гучным спевам,
Зямля спявае радасныя гімны,
Бо пекла, смерць не маюць больш улады.
Наш Валадар магутны і спрадвечны
Спыніў і знішчыў моц граху і смерці.
Уладу бездані скрышыў адважна
І вязняў вызваліў, парваўшы путы.
Яго закрылі камнем у магіле,
І вартавы ўваход сцярог рупліва,
А Ён у славе і бляску прамяністым
Жывым пакінуў змрок жалобнай цемры.
Анёл абвесціў радасную вестку,
Што Госпад уваскрос з памерлых,
І, перамогшы смутак і цярпенне,
Кайданы пекла разарваў навекі.
О стань, Ісусе, для душы збалелай
Пасхальнай радасцю і шчасцем вечным.
І нас, Тваёю сілай уваскрослых,
Да выбраных Ты далучыць май ласку.
Няхай Цябе, наш Божа, поўны бляску,
Пасля цярпення з мёртвых уваскрослы,
Айца і Духа ў Найсвяцейшай Тройцы
Праславіць грамада ўсіх збаўленых. Амін.