Такім чынам, мошчы (у першую чаргу) — гэта цела хрысціяніна. Але, вядома, Царква асабліва шануе цела святога – чалавека, які пры жыцці праславіўся подзвігам і адышоў да Бога.
Ушаноўваючы мошчы, Царква падкрэслівае не саму матэрыю, а Божую ласку, якая аб’явілася свету праз пэўную матэрыю, пэўнае цела.
Калі праведнік жыве з Богам, прымае Яго ласку, напаўняецца ёю, тады гэтая ласка праймае не толькі яго душу, але і цела. Такім чынам, ушаноўваючы мошчы святога, Царква падкрэслівае, што Божая ласка не абмяжоўваецца толькі духоўнай сферай чалавека, але праяўляецца і ў матэрыі.
Слова «мошчы» паходзіць са стараславянскай і літаральна азначае моц, сіла — гэта значыць выражае тую Божую сілу, моц, якая адкрылася свету ў слабым чалавеку.
Ужо з першых стагоддзяў мы бачым, што хрысціяне асаблівым чынам ставіліся да цел мучанікаў, у прыватнасці, хрысціяне служылі Найсвятую Эўхарыстыю на месцах іх пахавання. Дагэтуль мы маем такое ў богаслужэбнай практыцы Царквы, таму што кожная Боская Літургія адпраўляецца на антымінсе (гэта тканіна, якую святар разгортвае на прастоле і ставіць на ёй Святыя Дары. У ёй, як і ў самім прастоле, змешчаны часціцы мошчаў — і гэтым падкрэсліваецца сувязь зямнога літургічнага дзейства з нябесным).
У царкоўным календары шмат дат, прысвечаных перанясенню або адшуканню мошчаў святых. Гэта звязана з вялікай колькасцю сведчанняў аб цудоўным аздараўленні людзей праз малітву да пэўнага святога. Гэтыя цуды адбываліся калісьці і адбываюцца дагэтуль. Трэба толькі памятаць, што гэтыя аздараўленні — гэтыя цудоўныя праяўленні Божага дзеяння, Божай ласкі здзяйсняюцца праз пасрэдніцтва пэўнага святога, але нельга лічыць, што аздараўляе гэты святы — гэта Бог дзейнічае праз яго жыццё і малітвы.
Ушаноўваючы мошчы святых, Царква такім чынам падкрэслівае дзеянне Божай ласкі таксама ў матэрыі, у целе святога. Акрамя таго, такім чынам Царква пацвярджае веру ва ўваскрасенне целаў і веру ў тое, што Бог можа аздараўляць нашыя целы.
Максім Тымо