Сьвята парафіі Маці Божай Жыровіцкай адзначылі 9 траўня 2024 г. грэка-католікі ў Івацэвічах. Боскую…

Сьвята парафіі Маці Божай Жыровіцкай адзначылі 9 траўня 2024 г. грэка-католікі ў Івацэвічах. Боскую Літургію ў дзень парафіяльнага сьвята ўзначальваў Апостальскі Адміністратар грэка-католікаў у Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), з якім саслужылі сьвятары а. Віталь Быстроў, а. Андрэй Крот, а таксама дыякан Вячаслаў Гарчакоў.

Казаньне прамовіў а. Андрэй Крот з Горадні, які паходзіць з парафіі ў Івацэвічах. Ён зьвярнуў увагу прысутных парафіянаў і пілігрымаў з Берасьця і Менску на неабходнасьць надзеі ў нашым жыцьці. Трэба заўсёды рабіць сваю справу і мець надзею на Бога, Якому трэба даверыцца, нават калі ўсё здаецца марным і безнадзейным. Нам усім трэба прынамсі паспрабаваць даверыцца Богу – заклікаў вернікаў душпастыр гарадзенскай парафіі Маці Божай Фацімскай – так, як зрабіла гэта некалі Марыя. Таму варта не зьнявервацца, не казаць, што нешта не атрымаецца, а хоць бы паспрабаваць зрабіць гэтак жа і Бог дапаможа зьдзейсьніць тое, што па-чалавечы здаецца нам сёньня немагчымым.