Адзенне свяшчэннаслужыцеляў моцна адрозніваецца ад нашага штодзённага адзення (паўсядзённага і свят…

Адзенне свяшчэннаслужыцеляў моцна адрозніваецца ад нашага штодзённага адзення (паўсядзённага і святочнага). У чым сэнс такой царкоўнай вопраткі і што гэтым хоча сказаць нам Царква?

Перш за ўсё, каб паказаць, што на богаслужэннях адбываецца штосьці асаблівае. Таксама святарскае адзенне сімвалізуе прыгажосць Валадарства, да якога мы ўсе пакліканы і ў якое ўваходзім падчас таінстваў і богаслужэнняў у царкве. Яно сімвалізуе абноўленае жыццё ў Хрысце, у якім мы ўсе ўдзельнічаем.

Дыякан найперш апранае базавае (так бы мовіць) адзенне для ўсіх свяшчэннаслужыцеляў: сціхар (у пер. з гр. — кашуля) — доўгі, белы, які пакрывае чалавека ад шыі да ступняў. Ён сімвалізуе радасць служэння. Калі яго апранаюць, чытаюць наступную малітву: «Душа мая радуецца ў Госпадзе, бо Ён апрануў мяне ў вопратку справядлівасці і адзеннем радасці ахінуў мяне; быццам на жаніха, усклаў на мяне вянец і, быццам нявесту, упрыгожыў мяне красою».

Наступным элементам убрання дыякана з’яўляецца арар (доўгая вузкая стужка), які падчас кожнага малітоўнага воклічу на екценні дыякан падымае ўверх правай рукой, запрашаючы такім чынам вернікаў да малітвы.

Верхнім адзеннем дыякана таксама з’яўляецца дальматыка (алтарнікі таксама апранаюць падобнае адзенне і таксама называюць яго дальматыкай).

Святарскае (або прэзбітэрскае) адзенне больш багатае. Акрамя сціхара, святар носіць епітрахіль (літаральна з гр. мовы — на шыі), які азначае ласку святарства. Яна сімвалізуе і кожны раз нагадвае святару, што ён дзейнічае ў Божай ласцы, Божай (а не сваёй) сілай. Ніякае свяшчэннадзейства не можа здзяйсняцца без епітрахілі (будзь гэта споведзь, або асвячэнне, ці тым больш асобныя богаслужэнні).

Паверх яго святар падпяразваецца поясам, што гаворыць аб гатоўнасці святара здзяйсняць богаслужэнні сілай Божай. Гэтак жа нарукаўнікі сімвалізуюць сілу Божую, якой служыць святар.

Паверх усіх аблачэнняў святар апранае фелонь (з гр. мовы – плашч), якая сімвалізуе праведнасць і святасць, у якія Госпад апранае сваіх свяшчэннаслужыцеляў.

Біскупскае адзенне шмат у чым супадае з прэзбітэрскім, але мае свае асобныя элементы.

Верхняя літургічная вопратка архіерэя — сакас, паверх якога апранаецца амафор (ад гр. — наплечнік). Амафор — знак таго, што біскуп — добры пастыр, які бярэ на плечы заблуканую авечку і прыводзіць яе да статка збаўленых.

Акрамя таго, біскуп з правага боку носіць набедранік, які сімвалізуе слова Божае як меч Гасподні, пра які гаворыць апостал Павел у пасланні да Эфесцаў.

На галаве біскуп носіць мітру, якая з’яўляецца знакам духоўнай улады, дадзенай біскупу Богам.

На грудзях біскуп носіць энкалпіён (нагрудны крыж) або панагію (звычайна круглая ікона Збаўцы або Багародзіцы), якія сведчаць аб вызнанні веры, бо біскуп — гэта той, хто навучае веры, прапаведуе і аберагае яе).

Максім Тымо