Божае Слова − Госпад наш, Ісус Хрыстос, прыйшоў да ўсіх людзей, а сабраўшы вучоных і невукаў, перадаваў усім: мужчынам і жанчынам, маладым і старым, запаведзі, што вядуць да збаўлення. Прадстаўляў іх сцісла, каб памяць не нудзілася пазнаннем Божай навукі, але каб за кароткі час можна было зразумець, што неабходна для праўдзівай веры.
Калі навучаў, у чым заключаецца вечнае жыццё, з вялікай, сапраўды Божай дакладнасцю, выявіў яго таямніцу ў словах: «А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Ісуса Хрыста» (Ян 17, 3). З кніг Закону і Прарокаў выбраў асноўныя і самыя важныя запаведзі: «Першая такая: “Слухай, Ізраіль, Госпад Бог наш – Госпад адзіны; любі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”. Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі» (пар. Мк 12, 29-31). І яшчэ: «Усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, і вы ім рабіце, бо ў гэтым Закон і Прарокі» (пар. Мц 7, 12).
Св. Кіпрыян Карфагенскі