Якая ж вялікая міласэрнасць Госпада, якая ж вялікая Яго літасць над намі і дабрыня, што захацеў, каб мы, становячыся перад Яго абліччам на малітве, называлі Яго Айцом, а сябе сынамі Божымі, як і Хрыстос з’яўляецца Сынам Бога. Ніхто з нас не асмеліўся б назвацца такім імем, калі б Ён сам не сказаў нам так маліцца. Таму нам трэба памятаць, браты ўмілаваныя, і ведаць, што калі мы называем Бога Айцом, мы павінны паводзіць сябе як Божыя дзеці.
Таму будзем паступаць як Божыя святыні, каб было бачна, што Бог жыве ў нас. Няхай нашыя паводзіны не супраціўляюцца духу. А паколькі мы сталі людзьмі духоўнымі і дзецьмі неба, нашыя думкі і чыны павінны быць духоўныя і святыя, бо сам Госпад Бог сказаў: «Тых, хто Мяне праслаўляе, і Я праслаўлю, а тыя, хто зневажае Мяне, будуць зняважаныя» (пар. 1 Сам 2, 30). Таксама і св. Апостал напісаў у сваім пасланні: «Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым» (1 Кар 6, 20).
Св. Кіпрыян Карфагенскі