Мы штодзённа просім даць таго хлеба, каб мы, якія належым Хрысту і штодзённа прымаем, як спажытак збаўлення, Яго Эўхарыстыю, не былі адлучаныя ад Хрыста ў выніку цяжкой правіны, якая б забараніла прымаць нябесны хлеб. Бо сам сказаў: «Я – хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, − гэта Цела Маё дзеля жыцця свету» (Ян 6, 51).
Калі кажа, што калі хтосьці спажывае Яго хлеб, будзе жыць вечна, то зразумелая рэч, што так жывуць тыя, хто належыць да Яго Цела і на моцы гэтай прыналежнасці прымаюць Эўхарыстыю. Наадварот, трэба баяцца і маліцца, каб у выніку ўстрымання ад гэтага хлеба вы не адлучыліся ад Хрыстовага Цела і не адышлі ад збаўлення, перад чым асцерагае сам Хрыстос у словах: «Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця» (Ян 6, 53). Менавіта таму просім аб штодзённым удзяленні нашага хлеба, гэта значыць Хрыста, каб жывучы і трываючы ў Хрысце, мы не аддаліліся ад Яго асвячальнай ласкі і ад Яго Цела.
Св. Кіпрыян Карфагенскі