Хто ж атрымаў ганаровае імя Хрыста, павінен старанна даследаваць усе свае думкі, словы, учынкі і правяраць, ці вядуць яны да Хрыста, ці наадварот аддаляюць ад Яго. Па-рознаму можна рабіць такую высокую ацэнку. Што б ні выконвалася, ні прамаўлялася ці задумвалася пад уплывам страсцей, напэўна не згаджаецца з Хрыстом. Хутчэй мае адбітак і рысы праціўніка, які топіць пярліны духа ў багне страсцей, каб зацьміць і знішчыць бляск каштоўнага каменя.
Усё, што чыстае і вольнае ад якога-небудзь неадпаведнага жадання, звяртаецца да Тройцы і духоўнага пачатку міру, якім ёсць Хрыстос. Хто чэрпае з Яго, як з чыстай і незабруджанай крыніцы, думкі і пачуцці сэрца, дасягае такога прыпадабнення да ўзору і пачатку, якое існуе паміж вадою з крыніцы і той, якая цячэ ў патоку ці пераліваецца ў амфары.
Таму беззаганнасць, якая ёсць у Хрысце і ў нашых сэрцах, тая самая. Аднак тая, гэта значыць Хрыстова, знаходзіцца ў сваёй крыніцы, а наша паходзіць адтуль і цячэ да нас, несучы з сабою адпаведныя жыццёвыя ўказанні. Калі гэтыя ўказанні паходзяць ад Хрыста, то яны кіруюць жыццём і вядуць яго ў праведнасці і ладзе, і тады наступае згода і суладдзе паміж знешнім і ўнутраным чалавекам. Таму, на маю думку, хрысціянская дасканаласць заключаецца ў тым, каб мы, носячы імя Хрыста, выявілі ў нашых думках, словах і чынах усё, што азначае гэтае імя.
Св. Рыгор Ніскі