ДЗЕНЬ VIІІ (28.06)
Кандак 8 (Паўла)
Дасягнуўшы трэцяга неба дзякуючы праваце розуму і цялеснай чысьціні і будучы ўзбагачаным невыказнымі дараваньнямі, ты, блаславёны апостале Паўле, зышоўшы адтуль, узбагаціў нас, зьбяднелых, навучыўшы багаразуменьню. Дзеля гэтага мы, верныя Хрыстовыя, разам клічам: Алілуя.
Ікас 8
Мноства ранаў ад біцьця палкаю і ад частага каменяваньня цела тваё з радасьцю перацярпела дзеля салодкага Ісуса, Богам пакліканы апостале Паўле; дый тых, што ўверылі ў Хрыста, ты навучаў дабравольна пераносіць усякія цяжкасьці дзеля Яго. Таму клічам цябе:
Радуйся, Паўле апостале, што перанёс раны на целе сваім з радасьцю дзеля Госпада;
Радуйся, дыяманце, сільны духам і розумам, што застаўся непахісным перад сынамі Ізраільскімі, перад уладарамі і ўсімі народамі;
Радуйся ты, што перад мудрацамі і настаўнікамі закону паказаўся непераможным настаўнікам;
Радуйся, Богам любімы апостале Паўле, разумнае сонца прасьвятленьне;
Радуйся ты, што вучэньнямі тваімі быццам праменямі уздымаеш тых, што ў цемры няведаньня;
Радуйся ты, што сам многія душакарысныя лісты да народаў і гэбраяў напісаў;
Радуйся ты, што многіх паганаў да праўдзівай веры ў Хрыста Ісуса навярнуў;
Радуйцеся, апосталы Пятро і Паўле, што ўсім народам Слова Божае прапаведуеце;
Радуйцеся, што, быццам дзьве вясёлкі, аб’яўляеце супакой і цішыню пасьля дажджу гневу Божага;
Радуйцеся, Богам упрыгожаныя дванаццаць апосталаў, пасланыя на прапаведаваньне хрышчэньня для адпушчэньня грахоў;
Радуйцеся, дванаццаць жэзлаў, што скрышылі ўсякую сілу бесаўскую;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
ДЗЕНЬ ІХ (29.06) – урачыстасць
Кандак 9 (Пятра)
Абняты адзіным клопатам аб душах і сэрцах тых, што прыбягаюць да веры Хрыстовай, ты, блаславёны апостале Пятро, паставіў дабрадзейнага Сьцяпана і шэсьць іншых дыяканаў, каб рупіліся аб іншых патрэбах, а сам аддаўся малітве і навучаньню слова верных, якія адзінадушна клікалі: Алілуя.
Ікас 9
Натхнёны руплівасьцю Хрыстоваю і загарэўшыся гневам, ты адсек Малхава вуха, як непрыгоднае да слуханьня прароцкіх сказаньняў аб Хрысьце; але Настаўнік твой, блаславёны апостале Пятро, забараніў табе, і ты пачуў ад Ісуса, што кожны, хто падымае меч на бліжняга, ад мяча памрэ і што нягожа мужу духоўнаму збройна супраціўляцца, але трэба дабравольна пераносіць нягоды, што ты пасьля і ўчыніў. Дзеля гэтага пяём табе:
Радуйся, слаўны апостале Пятро, любы вучню Настаўніка твайго;
Радуйся, ты, каму было загадана крыўдзіцелю ня сем, а семдзесят сем разоў адпушчаць;
Радуйся, ты, што абяцаўся ісьці ў вязьніцу і на сьмерць разам з Настаўнікам тваім;
Радуйся, ты, што, калі гэбраі ў садзе хацелі ўзяць Ісуса, ты збройна бараніў Яго;
Радуйся, ты, што з любоўю пайшоў усьлед за Хрыстом да дому Каяфы, што быў тады архіерэем;
Радуйся, ты, якому Хрыстос прадказаў, што адрачэшся тройчы Яго, пакуль певень запяе;
Радуйся, ты, што, холадам мучаны, тройчы з клятваю адрокся Настаўніка твайго;
Радуйся, ты, што хутка пасьля гэтага, сагрэты Божай ласкаю, пакаяўся і горка заплакаў;
Радуйцеся, усесьвятыя апосталы Пятро і Паўле, што, быццам два вокі Гасподнія, увесь сусьвет назіраеце;
Радуйцеся, два дарагія камені, што на плячы Ааронавым зьзяюць;
Радуйцеся, Богам праслаўленыя дванаццаць апосталаў, пасланыя хрысьціць сьвет на адпушчэньне грахоў;
Радуйцеся, вы, што хрысьцілі ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа вадою і духам;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.