Адкіньце старога чалавека, што падлягае сапсаванасці з-за падманлівых жаданняў. Вызнайце правіны і апраніцеся ў новага чалавека, які аднаўляецца праз пазнанне свайго Стварыцеля. Прыміце ў веры першыя дары Духа Святога, каб самі былі прынятыя ў вечныя сялібы. Прыміце таямнічы знак, каб Госпад ласкава прызнаў вас як сваіх. Далучыцеся да аўчарні Госпада, святой і разумнай, каб, будучы пастаўленымі па правіцы Бога, маглі атрымаць у спадчыну падрыхтаванае для вас жыццё.
Тыя ж, хто надалей акрыты ганьбай граху, стануць злева, бо не прынялі Божай ласкі, якую Хрыстос ахвяруе ў купелі адраджэння. Не маю на ўвазе адраджэнне цела, але адраджэнне душы. Бо целы нараджаюцца, дзякуючы зямным бацькам, а душа адраджаецца праз веру. «Дух вее там, дзе хоча». Калі будзеш годным, пачуеш словы: «Добра, слуга добры і верны» (Мц 25, 23). Пачуеш, калі тваё сумленне не будзе скажонае ніякім падманам.
Св. Кірыла Ерусалімскі