У Ліване адбылася беатыфікацыя мараніцкага Патрыярха Антыёхіі Істыфана Дувейгі. Літургію ад імя Пап…

У Ліване адбылася беатыфікацыя мараніцкага Патрыярха Антыёхіі Істыфана Дувейгі. Літургію ад імя Папы ўзначаліў кард. Марчэла Сэмерара, які нагадаў, што новы блаславёны зведаў шмат пераследаванняў і цяжкасцей, аднак быў міласэрным пастырам, адданым свайму народу і Царкве да канца.

Цырымонія беатыфікацыі адбылася ў Бкерке каля Бейрута, дзе знаходзіцца сядзіба мараніцкага патрыярха.

Істыфан Бутрас аль-Дувейгі нарадзіўся 2 жніўня 1630 года ў Эдэне. У тры гады страціў бацьку. Ва ўзросце 11 гадоў яго адправілі ў мараніцкі каледж у Рыме, дзе ён вучыўся 14 гадоў, вывучаючы рыторыку, логіку, матэматыку, філасофію, тэалогію і многія мовы, у тым ліку арабскую, сірыйскую, італьянскую, лацінскую і грэцкую. Нягледзячы на ​​тое, што яму прапаноўвалі высокія пасады, ён не згадзіўся застацца ў Рыме, а вырашыў вярнуцца ў Ліван, бо хацеў служыць людзям. Быў пасвечаны ў святары ў Эдэне ў 1656 г. Затым ён працаваў у Алепа і ліванскіх пасяленнях, у 1668 г. быў абраны біскупам мараніцкай епархіі Кіпра, а ў 1670 г. стаў патрыярхам. Нягледзячы на ​​пераслед, Дувейгі працягваў навуковую працу, часта пісаў, хаваўшыся ў пячорах. Памёр 3 мая 1704 г. у даліне Кадыша.

Новы блаславёны вядомы як выдатны ліванскі гісторык і тэолаг, яго называюць «Айцом мараніцкай гісторыі» і «Другім Златавустам». Варта адзначыць, што бл. Істыфан лічыцца адным з айцоў мараніцкай Царквы – сваім заснаваннем яна абавязана пустэльніку, св. Марону; аб’яднаннем у Ліване свайму першаму патрыярху св. Яну Марону; а сваёй устойлівасцю і арганізаванасцю блаславёнаму патрыярху Істыфану Дувейгі.