Будучы ў целе, яна дала пачатак будучаму валадарству, ці то ўзносячыся да Бога ў невыказным імкненні сэрца, ці то сыходзячы да бліжніх у невыказнай любові. Атрымлівала пашану ад анёлаў, адчувала сардэчную адданасць людзей. Арханёл Габрыэль стаў пры Ёй з анёламі; Ян, шчаслівы, што пад крыжом яму даручылі Дзеву Марыю, служыў Ёй разам з Апосталамі. Усе радаваліся: адны – бо бачылі ў Ёй Каралеву, другія – бо бачылі ў Ёй сваю Валадарку. І адныя, і другія служылі Ёй пабожна і з любоўю.
Яна ж, дасягнуўшы найбольшых вяршыняў дабрадзейнасці, акружаная акіянам Божых ласкаў, выпрошвала для спрагнёнага і вернага народу шчодрыя струмяні ласкаў, якія ў найбольшай ступені мела сама. Прыносіла здароўе для цела і лек для душы. Мела моц уваскрашэння са смерці цела і душы. Хто адышоў ад Яе хворым ці сумным, або неразумеючы Божыя таямніцы? Хто ж не вернецца ў шчасці і радасці да сваіх справаў, атрымаўшы ад Маці Дзевы тое, чаго жадаў?
Абранніца, адораная такімі незвычайнымі дабротамі, Маці адзінага Абранніка, найсаладзейшая і чаруючая грацыёзнасцю нібы крыніца духоўных садоў, калодзеж жывой і гаючай вады, што сцякае з Божага Лібана, спасылала з гары Сінай на ўсе народы, блізкія і далёкія, плынь спакою і нябесных ласкаў. Калі ж Каралева дзеваў сярод радасці анёлаў, весялосці арханёлаў, воклічаў жыхароў неба была ўзятая ў неба Богам і сваім Сынам, Каралём каралёў, тады споўнілася прароцтва псальміста, які кажа Госпаду: «Каралева стала праваруч Цябе, ва ўзорчатай шаце, упрыгожаная золатам» (Пс 45, 10 Vlg).
Св. Амадэй Лазанскі