Нарадзіўся 6 ліпеня 1886 г. у Фрыдлянце-над-Остравіцамі, што ў Маравіі (Чэхія). Быў наймалодшым з сямі дзяцей. Пачатковую школу скончыў у родным горадзе, затым вучыўся ў гімназіі ў Містаку і ў рэдэмптарыстаў у Чэрвенцы каля Аламоўца.
У 1902 г. уступіў у Кангрэгацыю Найсвяцейшага Адкупіцеля (CSsR). Пасьля тэалагічных студыяў 17 ліпеня 1910 г. у Празе атрымаў святарскія свячанні. Падчас Першай сусветнай вайны з вялікай адданасцю ён служыў і апекаваўся ўцекачамі з Харватыі, Славеніі і Расіі.
Яшчэ з часоў сваіх студыяў ён выказваў жаданне працаваць сярод хрысціянаў усходняй традыцыі. У гэтыя часы ў Велеградзе на Маравах, дзе некалі быў біскупам св. Мятод, якраз адбываліся вялікія ўнійныя кангрэсы. Мара яго споўнілася ў 1919 г., калі суперыёр Пражскай правінцыі рэдэмптарыстаў накіраваў яго разам з а. Станіславам Нэкулай у Галіцыю, у Львоў, каб там навучыцца ўсходняму абраду і распачаць душпастырскую працу сярод украінскіх грэка-католікаў. Там ужо працавалі бельгійскія рэдэмптарысты, якія ўжо мелі некалькі пакліканняў сярод украінскіх грэка-католікаў. У гэтай супольнасці з дапамогай блаславёнага мучаніка Мікалая Чарнецкага ён навучыўся мове, абрадам і традыцыям мясцовых грэка-католікаў. Менавіта ў тыя часы а. Дамінік Трчка займеў сваё новае імя — Мятод.
У снежні 1921 г. разам з а. Станіславам Нэкулай ён прыехаў ва ўсходнюю Славакію, каб бараніць простых русінаў ад пераходу ў праваслаўе. Разам са святарамі лацінскага абраду а. Мятод Трчка закладаў першы ў Славакіі манастыр рэдэмптарыстаў лацінскага і візантыйскага абрадаў у Стропкаве, што на ўсходзе краіны. У 1924 г. а. Мятод стаў настаяцелем гэтай манаскай супольнасці. Ён шмат абвяшчаў слова Божае ў часе місіяў, якія хутка сталі вельмі папулярныя сярод грэка-католікаў. Яго місіянерская дзейнасць распаўсюджвалася на грэка-каталіцкія епархіі ў Прэшаве, Ужгарадзе і Крыжаўцах. У 1936 г. быў пераабраны настаяцелем супольнасці рэдэмптарыстаў з галоўным домам у Стропкаве і ўзначальваў яе да 1942 г. Увесь гэты час паўсюль ён засноўваў розныя малітоўныя групы, найперш супольнасці Маці Божай Нястомнай Дапамогі і святога ружанца, выдаваў часопіс «Місіянер».
Падчас Другой сусветнай вайны рэдэмптарысты ў Славакіі зведалі шмат пакутаў, былі пераследаваныя з боку славацкай дзяржавы. Айцец Мятод і рэдэмптарысты дапамагалі габрэям, выдаючы ім пасведчанні аб хросце. Як настаяцель супольнасці, абвінавачваўся ў фанатызме і антыдзяржаўнай прапагандзе. Для дабра супольнасці разам з трыма субратамі спрабаваў трапіць ва Украіну, але не атрымаў дазволу ад дзяржавы.
Ад 21 снежня 1945 г. супольнасць рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду ў Славакіі пачала існаваць як самастойная віцэправінцыя, а а. Мятод Трчка стаў яе першым протаігуменам. Пад яго кіраўніцтвам рэдэмптарысты вярнуліся ў Стропкаў і заснавалі дом у Сабінаве. Аднак кіраваць а. Мятоду давялося нядоўга. У 1949 г. віцэправінцыю рэдэмптарыстаў усходняга абраду ў Славакіі ліквідавалі камуністы. У Вялікі чацвер 13 красавіка 1950 г. усе каталіцкія манастыры былі зачыненыя, а манахі былі адпраўленыя ў лагеры.