Пачэсныя Святаслужыцелі, Дарагія вернікі!
У сувязі з пандэміяй каронавірусу сёння ў свеце і ў Беларусі склалася надзвычай сур’ёзная і складаная эпідэміялагічная сітуацыя.
Да вашай увагі даваджу поўныя пастырскага клопату словы высокадастойнага мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча: “Беручы пад увагу няспыннае распаўсюджванне смяротна небяспечнай хваробы, з вераю ў Божы Провід і з клопатам пра здароў’е нашых грамадзянаў у Каталіцкай Царкве ў Беларусі, якая клапоціцца пра духоўнае і фізічнае дабро сваіх вернікаў і ўсяго нашага народа, уводзяцца прэвентыўныя санітарныя захады”.
З пашанай да традыцый нашага візантыйскага абраду ўводзім часовыя нормы паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі:
1. Ушанаванне святога Крыжа, іконаў і мошчаў адбываецца праз глыбокі паклон без дотыку і цалавання.
У Крыжапаклонную Нядзелю святы Крыж ушаноўваем праз “зямны паклон”.
2. У храмах не карыстаемся святой (ярданскай) вадой, не п’ём яе.
3. Вітаем адзін аднаго схіленнем галавы, без падавання рукі.
У кантакце з душпастырам стараемся захаваць магчымую дыстанцыю.
4. Перад багаслужэннем святаслужыцелі і панамары павінны старанна вымыць рукі і няўхільна захоўваць строгія нормы гігіены.
5. Усіх вернікаў заклікаем да руплівай малітвы да Госпада аб спыненні эпідэміі.
6. Гэтым Распараджэннем старэйшых і слабых вернікаў і дзяцей вызваляю ад абавязку ўдзельнічаць у Боскай Літургіі ў нядзелі.
Заахвочваю іх, каб у нядзелі малілісі дома і – калі магчыма – карысталіся трансляцыяй багаслужэнняў ў СМІ або рознымі духовымі праграмамі.
Гэтыя нормы дзейнічаюць да іх адмены.
Малітвамі Найсвятой Багародзіцы і святых лекараў Касмы і Дам’яна няхай миласэрны Бог выбавіць усіх нас ад эпідэміі каранавірусу, адорыць здароў’ем хворых і падтрымае сваёй дапамогай супрацоўнікаў службы аховы здароў’я, якія імі апякуюцца.
З малітвай і блаславеннем
+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
Мінск, 13 сакавіка 2020 г., напярэдадні Крыжапаклоннай нядзелі