180 год таму нарадзіўся нацыянальны прарок – Францішак Багушэвіч Хрэсьбіны Мацюка Калісь, як у нас к…
Хрэсьбіны Мацюка
Калісь, як у нас казакі-то стаялі, 
У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі. 
Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца, 
Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца, 
А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?» 
Думаю: хто ж я? – ужо ж Юркаў сын! 
«Тутэйшы, – кажу я, – свой чалавек: 
Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей, 
Тут і радзіўся, тут жыву век; 
Юркам зваць бацьку, я дык Мацей. 
Вун гдзе і хата, і выган, і сад; 
Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..» 
Ён кіпіць горай, пытаючы, лае, 
Крычыць, і б’ецца, і ў твар штурхае. 
«Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?» 
Я дай круціцца туды і сюды, 
Думаю: што б тут сказаць яму мне? 
«Я не нашу, – кажу, – барады». 
«Да ты, – ён кажа мне, – веры якой? 
Ці ты праслаўны, ці ты – паляк?» 
«А дайце ж, паночку, – кажу, – мне пакой, 
Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..» 
Як сцебане, пракляты, мяне, – 
Аж у вачах чырвона здалося! 
Каб я ж чым-кольвек ў якой віне, 
А то не ведаць, скуль узялося? 
Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так, 
Што васпан б’ешся без дай прычыны, 
То, мусіць, і праўда, што я і паляк 
І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..» 
Ну і далі ж мне добра на знак: 
Цягнулі, біўшы, у Замаслаў*, 
Каб помніў крэпка, што я паляк, 
Каб і вам гэта здарэнне сказаў! 
Тое прайшлося, пайшлі і казакі, 
Калі пад восень завуць нас у збор. 
«Прыехаў, – кажуць, – начальнік такі, 
Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!» 
Трэба ўсё кідаць (хоць святам было). 
Народам, як макам, весь двор заліло: 
Князь у палетах, васолы такі! 
«Эх, – кажа, – рыбяты! – вы дуракі, 
Што ў рускай зямлі ды каталікі! 
Ну, цар вас прымае ў сваю веру; 
Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу 
Тут падпішыце, а поп пасвенце, – 
Будзе ўсё добра, усюды пашэнце. 
Ну, братцы, вып’ем па чарцэ усе; 
Бацюшка крыж і крапідла нясе!» 
Мы ж толькі зірк адзін на другога, 
Маўчым, трасёмся, не кажым нічога: 
Ён Міруна за плечы узяў, 
Вядзець да стала, гарэлкі падаў: 
«Пій на здароўе і так пішы: 
– Вот сабраліся дзве тысяч душы; 
Рускую веру хочым прыняць, 
Каб каталіцкай не ведаць, не знаць…» 
Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў, 
Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў. 
«Як, – кажа, – людзі, так, – кажа, – я, 
Спытайце, – кажа, – вун Мацяя; 
Як ён ды скажа перавярнуцца, 
Дык усе вёскі на яго здадуцца». 
Цягнуць мяне да таго князя, 
А тут аж мурашка за скурай лазе. 
«Ну што, маладзец, нап’ёмся водкі?» 
Даець мне грошы, такі салодкі: 
Усё гавора, радзе, пытае, 
Жонку цалуе, дзяцей гайдае. 
«Ну што ж, надумаўся, гатоў?..» 
«Надумаўсь, – кажу, – каб сто катоў 
Дралі мне скуру, пяклі на агню, 
Я веры сваей тыкі не змяню!» 
Іх! закіпеў той князь, аж зароў, 
Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў… 
«Розаг падайце, нагаек, сто лоз! 
Ён з веры смяецца мне тут пад нос!» 
Хапілі мяне якісьць гайдукі, 
І розаг падалі чатыры пукі, 
І б’юць – не баліць, хоць за сэрца бярэ: 
За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?! 
Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней, 
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!» 
О так-то хрысцілі мяне казакі 
З тутэйшага ды ў палякі!