Урэшце, паўстанем, бо Святое Пісанне заахвочвае нас словамі: «Настала ўжо пара, каб вы абудзіліся са сну» (Рым 13, 11). Адкрыўшы вочы на боскае святло, будзем уважліва слухаць Божы голас, які штодня нагадвае нам, заклікаючы: «О, каб вы паслухалі сёння Ягоны голас: не рабіце жорсткімі сэрцы вашыя» (Пс 95, 7-8) і яшчэ: «Хто мае вушы, няхай пачуе, што Дух кажа Цэрквам» (Адкр 2, 11).
А што кажа? «Прыйдзіце, сыны, паслухайце мяне: навучу вас страху Божага» (Пс 34, 12). Бяжыце, пакуль маеце Святло жыцця, каб цемра смерці не агарнула вас (пар. Ян 12, 35).
Госпад сярод шматлікага натоўпу, якому кажа гэтыя словы, шукае сваіх супрацоўнікаў і яшчэ раз паўтарае: «Хто той чалавек, які ўпадабаў жыццё і любіць доўгія дні, каб бачыць дабро?» (Пс 34, 13). Калі, пачуўшы гэтае, адкажаш: «Я», – Бог скажа табе: «Паколькі хочаш мець праўдзівае і вечнае жыццё, сцеражы язык свой ад злога і вусны свае ад словаў падступных, адвярніся ад зла і рабі дабро, шукай спакою і трымайся яго (пар. Пс 34, 14-15). Калі гэта зробіце, мае вочы будуць скіраваныя на вас, а вушы мае будуць адкрытыя на вашыя просьбы. І перш, чым паклічаце Мяне, Я адкажу: “Вось Я”».
Што ж для нас наймілейшае, дарагія браты, за гэтае запрашэнне? У сваёй ласкавасці Госпад паказвае нам дарогу жыцця.
Таму падпярэжам сцёгны верай і выкананнем добрых учынкаў, пойдзем сцежкамі Госпада пад кіраўніцтвам Евангелля, каб мы былі годныя сузіраць таго, хто паклікаў нас у сваё Валадарства. Калі мы прагнем пасяліцца ў гэтым валадарстве і ў Святыні Божай, мы павінны бегчы дарогаю добрых учынкаў, бо інакш туды не патрапім.
Як існуе злая і горкая заўзятасць, якая аддаляе ад Бога і вядзе да пекла, так існуе і добрая руплівасць, якая аддаляе ад грахоў і вядзе да Бога і вечнага жыцця.
св. Бенядыкт