28 верасня ксёндз Юрый Дрозд, дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі, якую напісаў у інстытуце тэалагічных навук Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
У сваёй навуковай працы аўтар даследаваў духоўную спадчыну вядомага беларускага асветніка ксяндза Адама Станкевіча. Ён быў не толькі святаром, але таксама грамадска-палітычным дзеячам, выдаўцом, гісторыкам, публіцыстам і літаратуразнаўцам.
Тэма доктарскай дысертацыі асабліва цікавая і актуальная ў наш час: «Беларуская канфесійная і нацыянальная ідэнтычнасць у тэалагічных поглядах ксяндза Адама Станкевіча (1891 – 1949)».
На думку аўтара дысертацыі, ксёндз Адам Станкевіч правёў грунтоўны аналіз праблемы фармавання канфесійнай і нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага народа, адзначыў шырокі спектр праблем, звязаных з гэтым працэсам, а таксама прапанаваў арыгінальны спосаб дасягнення еднасці беларускіх хрысціянаў. Ксёндз Адам Станкевіч звязваў праблему хрысціянскага адзінства ў Беларусі з неабходнасцю імкнення да нацыянальнай кансалідацыі саміх беларусаў і актыўнай працы дзеля дабра краіны.
Паводле яго, пабудова свабоднай і незалежнай Беларусі — гэта адначасова і шлях да ўсебаковага ўзаемаразумення паміж беларускімі хрысціянамі, і выкананне закліку Хрыста, «каб усе былі адно» (пар. Ян 17, 21).