О цудоўная замена!
Сам Сын Божы – спрадвечны, нябачны, неспасцігальны, бесцялесны, пачатак ад пачатку, Святло ад Святла, крыніца жыцця і несмяротнасці, адбітак правобраза, непарушная пячаць, падобны ва ўсім вобраз, канчатковая мэта Айца і Ягоны сэнс – скіроўваецца да таго, хто з’яўляецца Ягоным вобразам. Прымае чалавечае цела дзеля чалавека і дзеля маёй душы злучаецца з разумнай душою, каб падобнае ачысціць падобным, прыняўшы ўсё людское, акрамя граху. Ён быў зачаты ад Дзевы, якую Дух Святы ўжо ачысціў у целе і духу, бо належала ўшанаваць нараджэнне і паказаць перавагу дзявоцтва. Нарадзіўся як Бог у прынятай Ім чалавечай прыродзе, з’яднаўшы ў сабе дзве супярэчныя прыроды – цялесную і духоўную. Адна з іх надала боскасць, а другая прыняла.
Той, які ўзбагачае іншых, стаў бедным. Ён прыняў убоства майго цела, каб я атрымаў багацце Ягонага боства. Той, які ўвасабляе паўнату, прынізіў сябе, на кароткі час пазбыўшыся сваёй славы, каб я стаў удзельнікам Ягонай паўнаты.
Чаму ж такое багацце дабрыні? Чаму такая таямніца дзеля мяне? Калісьці і я прыняў Божы вобраз, але не збярог яго. Ён жа прымае маё цела, каб вобразу прынесці збаўленне, а целу несмяротнасць. Ён устанаўлівае з намі новую супольнасць, нашмат больш цудоўную, чым першая.
Належала, каб Бог, прыняўшы чалавечую прыроду, даў чалавеку святасць і, сваёй моцаю перамогшы тырана, вызваліў нас, прывёўшы да сябе праз пасрэдніцтва свайго Сына. Хрыстос здзейсніў гэта дзеля славы Айца, падпарадкаваўшыся Яму, як бачна, ва ўсім.
Гэты добры Пастыр прыйшоў да загубленай авечкі, аддаючы сваё жыццё за авечак. Ён прыйшоў да гор і пагоркаў, на якіх ты прыносіў ахвяры. Знайшоў загубленую авечку, узяў яе на тыя рукі, якія неслі дрэва крыжа, прыняў і прывёў да нябеснага жыцця.
За тым, хто быў светачам, заззяла гэтае найяснейшае святло. Пасля таго, хто быў голасам, з’явілася Слова, пасля дружкі Жаніха прыйшоў сам Малады, які падрыхтаваў для Госпада цудоўны народ і папярэдне ачысціў яго вадою для Духа Святога.
Каб жыць, нам патрэбны быў Бог, які прыняў цела і памёр. Мы памерлі разам з Ім, каб ачысціцца; разам паўсталі з мёртвых, таму што разам памерлі; разам уславіліся, бо разам уваскрэслі.