Два прыйсці Ісуса Хрыста
Мы абвяшчаем прыйсце Хрыста: не толькі першае, але і другое, нашмат цудоўнейшае ад першага. Бо першае пераважна сімвалізавала цярпенне, а другое прынясе дыядэму Божага Валадарства.
Бо шмат чаго дваякага ёсць у нашага Госпада Ісуса Хрыста. Дваякае нараджэнне: адно ад Бога перад вякамі, другое – ад Дзевы напрыканцы вякоў. Дваякае і прыйсце Ягонае: адно незаўважальнае, нібы расы на руно, а другое, якое настане, відавочнае.
Падчас першага прыйсця Яго спавілі ў пялюшкі і паклалі ў жолабе. Падчас другога – Ён апранецца ў святло, нібы ў шаты. Падчас першага Ён трымаў крыж, пагардзіўшы ганьбаю; падчас другога – прыйдзе праслаўлены ў атачэнні анёльскага войска.
Таму мы не задавольваемся толькі першым прыйсцем, але чакаем другога. Калі ў час першага мы казалі: «Блаславёны, які ідзе ў імя Госпада» (Мц 21, 9), тое самае зноў скажам і падчас другога, каб, выходзячы насустрач Госпаду разам з анёламі, пакланіцца Яму і ўсклікнуць: «Блаславёны, які ідзе ў імя Госпада» (Мц 21, 9).
Збаўца прыйдзе не для таго, каб Яго зноў судзілі, але каб паклікаць на суд тых, хто паклікаў на суд Яго. Падчас першага суда Ён маўчаў, але цяпер прыгадае злачынцам, якія адважыліся аддаць Яго на жудаснае ўкрыжаванне, і скажа: «Ты ўчыніў гэта, а Я маўчаў» (пар. Пс 39 [38], 10).
Тады Ён прыйшоў падзяліцца любоўю, навучаючы і лагодна пераконваючы людзей. А ў час паўторнага прыйсця яны незалежна ад жадання абавязкова падпарадкуюцца Ягонай уладзе.
Пра абодва прыйсці Ягоныя гаворыць прарок Малахія: «І нечакана прыйдзе ў сваю святыню Госпад, якога вы шукаеце» (Мал 3, 1). Гэта – першае прыйсце.
І далей працягвае пра другое: «Вось анёл запавету, якога вы чакаеце… Вось прыйдзе Госпад усемагутны. І хто вытрывае ў дзень Ягонага прыйсця, і хто ўстаіць, калі Ён з’явіцца? Бо Ён як агонь плавільшчыка, і як луг, што ачышчае. І сядзе, як плавільшчык і як той, хто ачышчае срэбра» (Мал 3, 1-3).
Гэтыя ж два прыйсці мае на ўвазе Павел, калі піша Ціту наступныя словы: «З’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей, якая вучыць нас, каб мы, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста» (Ціт 2, 11-13). Як бачна, Павел кажа пра два прыйсці. За першае дзякуе, а другое – тое, якога чакаем.
Таму ў перададзеным нам вызнанні веры гаворыцца, што мы верым у таго, які ўзышоў на неба, сядзіць праваруч Айца і прыйдзе ў славе судзіць жывых і памерлых; Ягонаму Валадарству не будзе канца.
Так, наш Госпад Ісус Хрыстос прыйдзе з нябёсаў. Але ў апошні дзень прыйдзе са славаю пад канец гэтага свету. Бо настане завяршэнне гэтага свету, і гэты створаны свет будзе адноўлены.