Імперыі ператвараюць гісторыю на зброю, бо толькі так могуць прымусіць людзей добраахвотна рабіць то…

Нацыянальная бясьпека. Дайджэст

Імперыі ператвараюць гісторыю на зброю, бо толькі так могуць прымусіць людзей добраахвотна рабіць тое, чаго тыя не хочуць.

Гісторыя часта становіцца не толькі навукай пра мінулае, але і інструментам у сучаснай палітыцы. Асабліва гэта выкарыстоўваюць імперыі і аўтарытарныя дзяржавы, калі ім трэба растлумачыць людзям свае дзеянні.

Для гэтага ствараюцца гістарычныя міфы. Вы шмат разоў іх чулі: «мы – адзін народ», «гэта заўсёды было нашым», «у нас несправядліва забралі *тэрыторыю*, і мы павінны гэта вярнуць». Так ствараецца ўражанне, што краіна не нападае, а нібыта толькі выпраўляе старую несправядлівасць.

Але гісторыя значна складанейшая. Межы мяняліся, народы жылі побач, а амаль у кожнай дзяржавы ёсць свае старыя крыўды і спрэчныя моманты. Калі выбіраць толькі выгадныя факты і ігнараваць астатнія, можна стварыць амаль любое «апраўданне». Такія ідэі працуюць, бо людзям цяжэй прыняць простую агрэсію. Фраза «мы забіраем чужую зямлю» выклікае пытанні, а «мы вяртаем сваё і аднаўляем справядлівасць» можа выглядаць як нешта правільнае. Таму ў пачатку Першай сусветнай вайны, якая пачыналася з нагоды «вяртання справядлівасці», былі мільёны добраахвотнікаў.

Менавіта таму кантроль над гісторыяй становіцца важнай часткай прапаганды. Яна не проста расказвае пра мінулае – яна ўплывае на тое, як людзі бачаць сучаснасць. Калі суседа гадамі паказваюць як «злога», у грамадстве лягчэй узнікае варожасць.

Але небяспека такіх міфаў значна большая чым проста нізкай ацэнка па гісторыі. Калі дзяржавы пачнуць забіраць тэрыторыі, спасылаючыся на падзеі мінулых стагоддзяў, свет вернецца да правіла «мае рацыю той, хто мацнейшы». Сёння хтосьці адбірае Крым, бо «ён заўжды быў нашым і ўвогуле мы мацней», а пасля ў гэтага кагосьці больш моцны сусед адбярэ Сібір, бо яна заўжды была кітайскай.

Гісторыю трэба вывучаць і памятаць, але нельга ператвараць яе ў дазвол на новы гвалт.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee