Боегалоўкі ў Беларусі развозяцца калонамі грузавікоў перад магчымым ядзерным ударам

Нацыянальная бясьпека. Дайджэст

Перад іх прымяненнем боегалоўкі калонамі закрытых грузавых аўтамабіляў пад аховай развозяцца да сродкаў іх прымянення – самалётаў ці ракет. Сама гэта дастаўка перыядычна трэніруецца. Але такія трэніроўкі маюць і іншы сэнс. Вываз нечага з цэнтралізаваных сховішчаў адразу ж выяўляецца сродкамі касмічнай выведкі краін NATO. Адразу ж узнікае пытанне, што яны вывозяць – сапраўдныя боегалоўкі ці іх макеты. Усе ж разумеюць, што пачатак ядзернага нападу будзе замаскіраваны пад такую трэніроўку. Таму сама трэніроўка ўжо з’яўляецца пагрозай ядзерным нападам. Пасля пачатку расійска-украінскай вайны Пуцін неаднаразова аб’яўляў такія трэніроўкі ў маштабах усёй Расіі, каб напалохаць Захад і прымусіць яго спыніць падтрымку Ўкраіны. Але ядзерная трэніроўка толькі ў Беларусі гэта пагроза, найперш, Еўропе. У першую чаргу, Ўкраіне і суседнім краінам NATO.
ЗША гэтая пагроза не тычыцца, бо нават мадыфікаваны пад “Арэшнік” “Ярс” туды з Беларусі проста не даляціць. Так робіцца ў спадзяванні, што пры сённяшняй адміністрацыі Амерыка не ўмяшаецца пры ядзерным нападзе на еўрапейскія краіны NATO ці Ўкраіну. Пры папярэдняй адміністрацыі не пасмелі б, а цяпер лічаць, што можна. Асаблівасць частых пагроз у тым, што яны зніжаюць псіхалагічны парог іх рэалізацыі і таму раней ці пазней могуць быць здзейснены. Пра наступствы для Беларусі і пагрозу краінам Балтыі я ўжо пісаў на гэтым канале адразу пасля вызвалення.
Цяпер наконт небяспекі для Ўкраіны. На мой погляд, мажлівыя два варыянты ядзернага ўдару па ёй. Каля лініі фронта, каб дэмаралізаваць ці знішчыць абарону. Але як рабіць гэта на Данбасе, які, згодна з расійскай Канстытуцыяй, лічыцца ўжо часткай РФ. Рабіць непрыдатнай для жыцця частку РФ – які тады сэнс у такім “вызваленні”?
Нанесці ж удар па “цэнтрам прыняцця рашэнняў”, гэта значыць знішчыць цэнтр і святыні “матери городов русских”. А як жа з расійскім гістарычным міфам? Севастопальскія “новаробы” не ў лік. І помнік князю Уладзіміру з Масквы прыйдзецца прыбраць.
З іншых аргументаў супраць удара – поўная міжнародная ізаляцыя РФ, але ж яна і так блізкая да таго. Пра маральныя абмежаванні зараз лепей і не ўзгадваць.
Я вымушаны рабіць такія страшныя прагнозы, каб паменшыць імавернасць іх рэалізацыі. Меньш за ўсё хацеў бы, каб яны спраўдзілася.