Украіна павялічвае тэхналагічную перавагу ў вайне, Масква шукае новыя варыянты працягнення канфлікту

Нацыянальная бясьпека. Дайджэст

ВАРЫЯНТЫ ПРАЦЯГУ ВАЙНЫ
Калі раней расійская афіцыйная прапаганда неяк яшчэ магла падтрымліваць у сваіх спажыўцоў веру ў хуткую перамогу над Украінай, то пасля здзеклівага дазволу прэзыдэнта Зяленскага на скукожанае святкаванне сакральнай для расійцаў даты 9 мая і масавага зваротнага ўдару ўкраінскіх беспілотнікаў па Маскве ўтойваць рэальны стан рэчаў стала немагчымым. Па аўтарытэце Крамля ў вачах падданых быў нанесены магутны ўдар, што ў вачах насельнікаў Крамля з’яўляецца ганьбай і пагрозай адначасова. Магчыма, гэтыя падзеі прымусяць іх больш рэальна ацэньваць хаду і перспектывы вайны.
Галоўная з высноў – Украіна здолела перавесці вайну на іншы тэхналагічы ўзровень, дзе, дзякуючы дапамозе сваіх еўрапейскіх саюзнікаў, энэргіі свайго вольнага бізнесу і таленту інжынераў, атрымлівае перавагу.
Няцяжка ацаніць пэрспэктывы разьвіцьця падзей. Памылка ў ацэнцы матываў еўрапейскіх краін, якія ад пачатку канфлікту лічыліся Масквой толькі пакорлівымі марыянеткамі Вашынгтона, вядзе да таго, што іх падтрымка Украіны не спыняецца, незалежна на спадзяванні Крамля на змены ў пазіцыі Амэрыкі.
Гэта значыць, што фінансавая, ваенная, тэхналагічная і палітычная дапамога Кіеву будзе толькі нарастаць, не зважаючы на пазіцыю Вашынгтона.
Гэта значыць, што тэхналагічная перавага Украіны на полі бою, абапіраючыся на практычна неабмежаванае забеспячэнне фінансамі, электроннымі, а пры патрэбе, і механічнымі кампанентамі будзе толькі расці.
Гэта значыць, што ўкраінцы ў хуткім часе здолеюць нівеліраваць за кошт паветраных і наземных дронаў колькасную перавагу Расіі, на якую так спадзявалася Масква.
Гэта значыць, што УСУ здолеюць ужо ў наступным зімнем сезоне наносіць нічым не абмежаваныя ўдары ўласнымі балістычнымі ракетамі па энэргетычным аб’ектам РФ, што ва ўмовах расійскай зімы, не раўнуй нашмат больш халоднай за ўкраінскую, можа прывесці да масштабных гуманітарных катастроф у Расіі.
Гэта значыць, што Ўкраіна хутка здолее разгарнуць уласныя арбітальныя групоўкі спадарожнікаў для выведкі і сувязі.
Урэшце, усё гэта значыць тупіковую ваенную сітуацыю для Масквы, калі там не будуць знойдзеныя новыя, больш эфектыўныя варыянты працягу вайны.
Якія гэта могуць быць варыянты:
1) Мабілізацыя. Але ва ўмовах росту тэхналагічнай перавагі Украіны на полі бою яна можа прывесьці толькі да рэзкага павелічэння баявых страт, незадаволенасці ў грамадстве, эміграцыі мужчын, росту выдаткаў на выплаты сем’ям загінулых, змяншэнню колькасці занятых у эканоміцы.
2) Пашырэнне лініі баявых сутыкненняў за кошт Беларусі. Паўтор аперацыі 2022 года пры адсутнасці фактару раптоўнасці і гатоўнасці ўкраінскага боку не атрымаецца. Прымушэнне да ўдзелу ў вайне беларускага рэжыму вялікай карысці не прынясе, бо нават напад ўсіх 23 тысяч сухапутных войскаў Беларусі пры адсутнасці ў іх баявога досведу, навыкаў масавага баявога прымянення дронаў, ды і неабходнай колькасці саміх дронаў прывядзе толькі да знішчэння нафтаперапрацоўчых заводаў, бліжэйшых чыгуначных станцый ды блакавання маршрутаў забеспячэння групоўкі ўварвання. І ў выніку – да яе знішчэння. Шматлікія “спецназы” ўнутраных войскаў, навучаныя для разгону бяззбройных дэманстрантаў ды затрымання ўзброеных кухонным нажом п’яных зламыснікаў, толькі падвысяць лік баявых страт. Масавая ж мабілізацыя людзей, якія ў сваёй масе хочуць палітычных перамен, можа прывесці толькі да масавай здачы ў палон ці пераходу цэлых падраздзяленняў на супрацьлеглы бок, ці, нават, да ўзброеных мяцяжоў. Карацей, лепш і не спрабаваць.
3) Прымяненне тактычнай ядзернай зброі. Пагрозы гэтага ўжо прагучалі напярэдадні параду 9 мая. Не сумняюся, што “дазвол” Зяленскага на парад 9 мая расейскія генералы ўжо трактавалі свайму галоўнаму начальніку, як вымушаны страхам перад пагрозай ядзернай зброяй. Таму гэтыя пагрозы будуць працягвацца. Найбольш эфектыўным відам такіх пагроз у Крамлі лічаць трэніроўкі па баявому прымяненню ядзернай зброі. Звычайна ядзерныя боегалоўкі ў расійскім войску, адрозна ад NATO, захоўваюцца ў цэнтралізаваных сховішчах, адно з якіх хуткімі тэмпамі будавалася ў Беларусі каля Крычава.