Беларускія ўлады даведаліся пра адкрыцьцё літоўскіх пераходаў на мяжы з СМІДзяржаўны сакратар Савету…

Беларускія ўлады даведаліся пра адкрыцьцё літоўскіх пераходаў на мяжы з СМІ

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што Беларусь не атрымала афіцыйнага паведамленьня ад Літвы пра аднаўленьне дзейнасьці двух пунктаў пропуску.

«У сродках масавай інфармацыі зьяўляюцца нейкія паведамленьні пра тое, што ўрад Літвы зьбіраецца адкрыць закрытыя імі ж пункты пропуску», — сказаў Вальфовіч.

«На жаль, ніякіх афіцыйных паведамленьняў ні аб закрыцьці пунктаў пропуску, ні аб адкрыцьці, як гэтага патрабуюць міжнародныя дамовы, на сёньняшні дзень не паступала», — дадаў ён.


Тым ня менш па даручэньні Лукашэнкі сёньня прайшла нарада з удзелам прэм’ер-міністра, кіраўнікоў МЗС, КДБ, Мытнага і Памежнага камітэтаў, паведаміў а 17:39 «Пул Первого».

Беларускі памежны камітэт пазьней, а 19:19, паведаміў, што атрымаў афіцыйнае паведамленьне ад Літвы пра адкрыцьцё мяжы, а таксама запэўніў, што памежнікі Беларусі гатовыя аднавіць пропуск.