З адкрыцьцём мяжы зь Беларусьсю літоўскі ўрад таксама вырашыў зьмякчыць рыторыку ў дачыненьні да афіцыйнага Менску, каб паглядзець, наколькі сур’ёзныя намеры ў рэжыму Лукашэнкі што да дээскаляцыі памежнага канфлікту.
Як стала вядома Свабодзе ад дыпляматычных крыніц у Вільні, Літва ня будзе пакуль патрабаваць новых санкцый супраць Менску «за гібрыдную атаку з выкарыстаньнем бесьпілётных лётных апаратаў».
Яшчэ два дні таму, 17 лістапада, на пасяджэньні Рады Эўразьвязу ў агульных пытаньнях намесьнік міністра замежных справаў Літвы Сігітас Міткус заклікаў разгледзець новыя санкцыі супраць «адказных беларускіх чыноўнікаў і ўстановаў» за дзеяньні, «накіраваныя на парушэньне паветранай прасторы Літвы з выкарыстаньнем кантрабандных балёнаў».