Паважаны Кароль НавроцкіПрэзідэнт Рэспублікі ПольшчаПаважаны Дональд ТускПрэм’ер-міністр Рэспублікі …
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча
Паважаны Дональд Туск
Прэм’ер-міністр Рэспублікі Польшча
Паважаны Радослав Сікорскі
Міністр замежных спраў Рэспублікі Польшча
Паважаныя спадары,
Мы з разуменнем і падтрымкай успрымаем рашэнне ўрада Рэспублікі Польшча аб часовым закрыцці мяжы з Рэспублікай Беларусь. Гэты крок з’яўляецца важным і справядлівым сігналам у адрас рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Мы з павагай заклікаем вас публічна абвясціць ясны ультыматум: мяжа з Беларуссю для ўсіх відаў грузавога транспарту павінна заставацца зачыненай да вызвалення ўсіх палітычных вязняў без выключэння, уключаючы грамадзян, нядаўна затрыманых беларускімі спецслужбамі.
Досвед ужо паказаў эфектыўнасць такіх мер. Часовае абмежаванне грузавога руху на беларуска-польскай мяжы ўлетку 2024 года дазволіла дамагчыся вызвалення сотняў палітычных вязняў.
Пытанне вызвалення закладнікаў застаецца ў цэнтры ўвагі міжнароднай супольнасці. За апошні год 75 лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі чатыры разы звярталіся да сусветных лідараў, у тым ліку да ўрада Рэспублікі Польшча, з заклікам прыняць рашучыя меры для вызвалення гэтых людзей.
Мы таксама вітаем нядаўнія намаганні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і яго каманды, якім удалося ў апошнія тыдні дамагчыся вызвалення некалькіх дзясяткаў чалавек.
Аднак сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца больш за 1 300 палітычных вязняў. Мы заклікаем урад Рэспублікі Польшча не толькі дамагчыся іх вызвалення, але і, у выпадку неабходнасці, быць гатовым часова прыняць гэтых людзей на сваёй тэрыторыі.
Таксама неабходна патрабаваць ад Лукашэнкі закрыцця ўсіх палітычна матываваных крымінальных спраў, што дазволіла б больш чым палове мільёна беларускіх уцекачоў вярнуцца на радзіму.
У 2020 годзе больш за адзін мільён жыхароў Беларусі выйшлі на вуліцы, патрабуючы сумленных выбараў і спынення гвалту. Народ Беларусі, які сёння апынуўся за новым «жалезным заслонам» у дэ-факта канцлагеры, чакае не слоў, а рашучых дзеянняў міжнароднай супольнасці.
Камерцыйныя інтарэсы асобных кампаній не могуць стаяць вышэй за чалавечыя жыцці. Дзеянні ўрада Рэспублікі Польшча ў гэты момант могуць мець гістарычнае значэнне. Лёс тысяч людзей і іх сем’яў залежыць ад вашай рашучасці.
У выпадку паспяховага вырашэння пытання аб вызваленні закладнікаў і ліквідацыі іншых пагроз на мяжы, просім стварыць умовы для максімальнага спрашчэння візавага і памежнага рэжыму для грамадзян Беларусі і Польшчы.
Мы разлічваем на ваша разуменне і цвёрдую пазіцыю.
З павагай,
Грамадская ініцыятыва «Ультыматум»
13.09.2025 Тэкст