Кітай імкнецца перш за ўсе да рэгіянальнай дамінацыі ў Азіі, і фактычна рэалізоўвае палітыку вычэрпаньня двух суб’ектаў, Захаду (ЗША і ЕЗ) і Расеі, праз вайну ва Ўкраіне і аслабленьня йх абодзьвух. І менавіта Кітай будзе зацікаўлены ў тым, каб гэтая вайна цягнулася доўга. Як у 2001 годзе пісаў адзін з выбітных амерыканскіх палітолагаў Дж. Мірхаймер пра перспектывы сутыкненьня Вашангтону і Пекіну: З упэўненасьцю дойдзе да спробаў уцягненьня праціўніка да вычэрпальных канфліктаў на іншых, другасных тэатрах, дзеля абезкроўліваньня праціўніка. Калі б дайшло да ўцягваньня канкурэнта да такога канфлікту, праціўнік зрабіў бы ўсе магчымае, каб ён доўжыўся як мага больш”.
Важнай мэтай Кітаю ёсьць давядзеньне Захаду, перад усім ЗША, да псіхалагічнай стомленасьці вайной як такой. Пасьля чаго для Пекіну не будзе існаваць перашкодаў для апанаваньня Паўднёвай Азіі і выдаўліваньня адтуль ЗША. Асабліва, калі Захад прайграе ў гэтым супрацьстаяньні з Расеяй.
Сілы і матывацыі бараніць інтарэсы ў Азіі не будзе, асабліва ўлічваючы поўнае маральнае паражэньне.
Але Кітай таксама не будзе зацікаўлены ў маральнай і стратэгічнай перамозе Расеі, каб яна не спрыяла ўмацаваньню статусу Масквы і не ўзмоцніла яе геапалітычныя ўплывы ў Азіяцкім рэгіёне. Таму Пекін будзе імкнуцца:
1. Каб вайна максімальна эканамічна і стратэгічна аслабіла Расею;
2. Умацаваць залежнасьць Масквы ў пэўных,.перш за ўсе эканамічных сьферах;
3. Стаць галоўным атрымальнікам расейскіх рэсурсаў;
4. Вывесьці з-пад уплываў Масквы іншыя краіны азіяцкага рэгіёну;
5. Стварыць вобраз Масквы, ды іншых дзяржаваў (Беларусь у тым ліку), як кліентаў Пекіну.
У гэтай сітуацыі для Захаду ёсьць толькі адзіны выхад – перамога Украіны ў вайне з Расеяй (якая з’яўляецца зброяй Кітаю), толькі так Захаду (ЗША) будзе магчымым не дапусьціць дамінацыі Кітаю і новых экспасіялістскіх і каланіяльных войнаў гэтай краіны ў Азіі, ды іншых рэгіёнаў.