Навошта беларусам ехаць паміраць за Украіну?
А паміраць зусім не абавязкова. Нажаль, у башке многіх беларусаў, на падставе саўковага кіно і літаратуры, вайна – гэта калі сядзіш у акопе, потым вылазіш, крычыш «За Радзіму!» і накрываеш сабой варожы кулямёт.
З падобнай упэўненасцю часцяком у ПКК прыязджаюць добраахвотнікі. Маўляў: «Тры дні парухаюся і загіну героям». Калі праходзіць паўгады і гэтага не адбываецца, яны вымушаны цалкам перабудоўваць карціну свету.
Вайна – гэта не толькі штурмавыя часткі. І нават не толькі часткі, якія на нулі ці блізка. Гэта і кіроўцы, і механікі, і тылавая служба і шмат іншых варыянтаў, дзе ўвогуле ў руках аўтамат трымаць не трэба.
Але ж усе рэкруты праходзяць вельмі сур’ёзную падрыхтоўку цягам некалькіх месяцаў, у сярэднім за час навучання рэкрут на палігоне прастрэльвае 2000 куль з розных відаў зброі. Навучанне па БПЛА таксама пачынаецца з першага дня вучэбкі. Вельмі актуальная спецыялізацыя.
Зараз у нас інструктары, якія ў тым ліку трэнуюць і Азоў. А пасля асноўнага навучання, байцы яшчэ і дадатковыя курсы праходзяць, адпаведна сваёй спецыяльнасці. То бок, на момант прыняцца зароку, яны ўжо падрыхтаваныя байцы, па ўзроўню вышей стандартнага рускага мобіка ў некалькі разоў.
І нават пры гэтым, у штурмавыя падрозделы байцы трапляюць выключна добраахвотна, ніхто туды не заганяе. Пры гэтым, перад тым як даць на гэта згоду, кіраўніцтва палка разглядае фізічныя і псіхалагічныя здольнасці чалавека. Камандзіры робяць усё, каб пазбегнуць страт.
Але ж пяройдзем да больш лірычнай і не менш важнай часткі: якая матывацыя беларусу ехаць у ПКК?
Шанец на помсту. ПКК – гэта магчымасць забіваць тых, хто ў 20-м годзе скраў у нас волю і дом. Лукашэнка ўтрымаўся дзякуючы рускай падтрымкі. Замест таго, каб жаваць слюні ў жабцы на касе, ці пісаць нікаму не патрэбныя тэксты ў паўмёртвыя тэлегі пра гендер, можна ўзяць у рукі зброю і адабраць у злачынца жыццё. Хто ведае, хто пад маскай на тым баку? Мабыць гэта росгвардеец ці беларускі ССОшнік, які забіваў на Пушкінскай людзей у 20-м годзе?
Гэта камьюніці. ПКК – гэта аб’яднанне сотняў зараджаных і крутых беларусаў, якія трымаюцца разам, жывуць разам, разам выконваюць задачы і якія аб’яднанныя зразумелымі мэтамі: атрымліваем баявы досвед, вызваляем Украіну і рыхтуемся да вызвалення Беларусі.
Матэрыяльная частка. Сярэдні заробак ваяра ПКК – некалькі тысячаў даляраў. Больш, чым стандартны беларус атрымлівае ў той жа Польшчы ці Літве. З улікам таго, што за жытло, ежу, вопратку, медыцыну (і нават стаматолага), сродкі гігіены, цыгарэты плаціць не трэба, яны бескаштоўныя (дзякуючы штабу, дарэчы), то за год-два кантракта можна накапіць неблагую суму.
Што да птушыных правоў. Птушыныя правы зараз у беларусаў Літвы, дзе ОСТ за чатыры гады так і не здолеў нічога зрабіць. Птушыныя правы па ціхай пачынаюцца ў беларусаў Польшчы. Ваяра ПКК ніхто не будзе дэпартаваць з Украіны, ваяр ПКК можа атрымаць грамадзянства Украіны на льготных умовах.
Гэта адзіны шанец вызваліць Беларусь. Калі забіць на ўсё, прызнаць паразу і што ўсё было дарма – то так лепш не рызыкаваць і жыць у міграцыі сваё сумнае жыццё. Але ж калі ў чалавека ў душы святло, шляхетны гонар і цалкам справядлівае жаданне жыць у сваёй краіне, то вайна – гэта адзінае выйсце.
@post_rudzik