Невялікая група нашых байцоў распачала няроўны бой з пераўзыходзячымі сіламі ворага. Пасля некалькіх гадзінаў кантакту сілы акупантаў былі адкінутыя, тэхніка падбітая з ручных процітанкавых сродкаў, а сярод нашых хлапцоў толькі адзін быў лёгка паранены.
Толькі другой хваляю, кінуўшы на наш невялікі атрад значныя сілы, у тым ліку – танкі, байцоў Палка Кастуся Каліноўскага пачалі адціскаць. І нават тады нашыя хлопцы не здаліся і навялі ўкраінскую артылерыю на жывую сілу і тэхніку ворага. Да жалю, у пэўны момант сувязь з нашымі ваярамі перарвалася…
Можна сказаць упэўнена, што дзякуючы асабістаму гераізму і самаахвяраванасці нашыя беларускія хлопцы змаглі спыніць наступ танкавай калоны, тым самым даўшы магчымасць бяспечна адысці асноўным сілам УСУ на тым напрамку.
У першыя дні не было разумення таго, дзе знаходзяцца некаторыя нашыя байцы, і мы спадзяваліся на свядомасць СМІ, бо ў такія моманты вельмі важна захоўваць цішыню, каб у беларускіх дабраахвотнікаў у выпадку палону застаўся шанец патрапіць на абмен як іншыя байцы Узброеных Сіл Украіны – ды вярнуцца дадому. Менавіта з гэтай прычыны Полк вытрымліваў паўзу, каб не нашкодзіць нашым хлапцам.
Але цяпер мы перарываем маўчанне, каб з болем у сэрцы паведаміць, што выконваючы свой баявы абавязак гераічна загінуў камандзір батальёна «Волат» Палка Каліноўскага з пазыўным Брэст.
З першых дзён вайны ён стаяў на абароне Украіны ад расейскай агрэсіі і быў у вытокаў заснавання Палка Каліноўскага. Мы яго ведалі як мужнага, рашучага і самаадданага чалавека, які за кожнага свайго байца быў гатовы на ўсё. Брэст меў выключны аўтарытэт сярод ваяроў Палка. Акрамя гэтага ён быў адданым сынам беларускай зямлі і верыў у будучыню вольнай Беларусі. Гэта вельмі вялікая і балючая страта для нас усіх.
Ад імя ўсіх ваяроў і камандавання Палка Каліноўскага выказваю спачуванні сям’і, блізкім і сябрам Брэста і падтрымку родным нашых зніклых без вестак хлопцаў.
Да нашага суму, падчас той аперацыі яшчэ некалькі нашых ваяроў зніклі без вестак.
На дадзены момант вядуцца пашуковыя дзеянні ў іх дачыненні. Полк Каліноўскага трымае сувязь з родзічамі і блізкімі нашых зніклых хлопцаў. Мы прыкладаем усе магчымыя сродкі і намаганні, каб павярнуць нашых хлопцаў назад і не спынімся ані перад чым, бо мы б’ёмся за кожнага і верым, што яны жывыя.
На бягучы момант вядома толькі, што адзін з нашых байцоў Ян Дзюрбейка з поклічам «Тромблі» знаходзіцца ў палоне. У адпаведнасці з загадам атрыманым нашымі ваярамі, у выпадку трапляння ў палон, каб захаваць сваё жыццё і здароўе, яны павінныя казаць тое, што хоча ад іх пачуць вораг.
Асабліва звяртаем увагу: паколькі наш баец з’яўляецца кантрактным вайсковаслужбоўцам, а не наймітам, ён афіцыйна зʼяўляецца вайсковапалонным.
Звяртаем вашу ўвагу, што на дадзены момант у віртуальнай прасторы распаўсюджваецца шмат фэйкаў, якія не маюць пад сабой дасканалых фактаў. Наш Полк праводзіць дзеянні па высвятленні і праверцы ўсёй надыходзячай інфармацыі. Пры з’яўленні дадатковай інфармацыі і праверкі яе дасканаласці, мы будзем асвятляць у наступных афіцыйных прэс-рэлізах падрабязныя дэталі здарэння.
Жыве Беларусь!
Слава Украіне!
@BelWarriors