Легалізацыя ў Літве без дзейнага беларускага пашпарту, атрыманне літоўскіх нацыянальных віз, працягн…

Легалізацыя ў Літве без дзейнага беларускага пашпарту, атрыманне літоўскіх нацыянальных віз, працягненне тэрмінаў ВНЖ для беларусаў

4 траўня адбылося першае пасяджэнне Рабочай групы па пытаннях міграцыі і грамадскай бяспекі, рашэнне аб стварэнні якой было дасягнута падчас нядаўняй сустрэчы Святланы Ціханоўскай з міністрам унутраных спраў Літоўскай Рэспублікі Агнэ Білатайтэ.

З беларускага боку ў склад Рабочай групы ўвайшлі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Валер Кавалеўскі і Аляксандр Азараў, Офіса Святланы Ціханоўскай, ByPol, BySOL і Беларускага дома правоў чалавека, з літоўскага – прадстаўнікі МУС, МЗС і Дэпартамента міграцыі пры МУС Літоўскай Рэспублікі.

У ходзе сустрэчы былі абмеркаваныя актуальныя пытанні, звязаныя з пражываннем беларусаў у Літве. У іх лік уваходзяць складанасці з легалізацыяй у Літве беларусаў з несапраўднымі ці згубленымі пашпартамі, а таксама праблемы з дакументаваннем дзяцей, якія нарадзіліся за межамі Беларусі, і не маюць беларускіх пашпартаў.

Прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі абазначылі праблемы з атрыманнем літоўскіх нацыянальных віз і працягненнем тэрмінаў дзеяння відаў на жыхарства па гуманітарных падставах.

Бакі абмеркавалі варыянты рашэнняў узнятых праблем і дамовіліся аб наступных кроках па іх рэалізацыі. Дасягнута дамоўленасць аб пастаянным узаемадзеянні і абмене інфармацыі па бягучым парадку дня і аб рэгулярнасці наступных сустрэч Рабочай групы.

@CabinetBelarus