Новая візавая палітыка, дапамога палітвязням, спецпасланнік па Беларусі: чаго дамагліся дэмакратычны…

Новая візавая палітыка, дапамога палітвязням, спецпасланнік па Беларусі: чаго дамагліся дэмакратычныя сілы ў ЗША

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падсумаваў вынікі Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША», што цягам двух дзён ладзілі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі і амерыканскія палітыкі ў Вашынгтоне.

Найперш ён падкрэсліў унікальнасць самой падзеі: «Раней Злучаныя Штаты ніколі не ладзілі стратэгічны дыялог не з урадам». Таксама адзначыў, што дэмакратычныя сілы здолелі не толькі сесці за стол перамоваў з уплывовымі амерыканскімі палітыкамі, але і дасягнуць важных дамоваў.

Асноўнае – стварэнне працоўных групаў па чатырох напрамках: палітвязні і прыцягненне рэжыму да адказнасці, дапамога прыватнаму сектару, культурным ініцыятывам, моладзі і беларускім дыяспарам. Групы будуць збірацца і працаваць на рэгулярнай аснове.

Таксама Вячорка адзначыў шэраг важных вынікаў:

1️⃣ Амерыканцы гатовыя мяняць візавае становішча і выдаваць беларусам трохгадовыя візы.

2️⃣ Дасягнута папярэдняя згода на прызначэнне спецпасланніка для працы з дэмакратычнай Беларуссю.

3️⃣ Пададзены на разгляд у Кангрэс ЗША Belarus Democracy Act 2023 – новая версія законапраекта, які падтрымлівае дэмакратычную Беларусь. Яго павінны прыняць да канца года.

4️⃣ Будзе разглядацца магчымасць надання статусу часовай аховы для беларусаў ЗША.

«Варта падкрэсліць: Стратэгічны дыялог на гэтым не скончаны. Мерапрыемства будзе адбывацца кожны год. Мы плануем, што ў наступным годзе ў івэнце прымуць удзел 100-150 чалавек, а значыць можна будзе далучыць да працы больш беларусаў. У бліжэйшы час мы распішам план падзеяў і мерапрыемстваў на ўвесь 2024 год», – адзначыў дарадца Ціханоўскай.