KALINOŬSKI MARŠ 20261 лютага на Беласточчыне адбыўся другі KALINOŬSKI MARŠ, прымеркаваны да дня наро…

KALINOŬSKI MARŠ 2026

1 лютага на Беласточчыне адбыўся другі KALINOŬSKI MARŠ, прымеркаваны да дня народзінаў Кастуся Каліноўскага і ўшанаваньня герояў Паўстаньня 1863–1864 гг.

Марш быў арганізаваны Міжнароднай арганізацыяй РУХ. Партнэрамі выступілі Беларуская дыяспара Беластока і клюб гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863.

Пачатак маршу адбыўся ў мястэчку Гарадок — месцы, вядомым фэстамі «Басовішча» і «Тутака», а таксама вуліцай Кастуся Каліноўскага. Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ўдзельнікі прайшлі маршам па вуліцах мястэчка з воклічамі:
«Жыве Беларусь!», «За нашу і вашу вольнасьць!», «Каго любіш?! — Люблю Беларусь!»

Далей удзельнікі працягнулі шлях аўтапрабегам у Мастаўляны — месца нараджэньня Кастуся Каліноўскага. Тут іх сустрэлі рэканструктары ў паўстанцкіх строях, і разам калёна рушыла да помніка нацыянальнаму герою.

Каля манумэнту адбылася ўрачыстая частка: ганаровая варта, песьня «Лётае арол», чытаньне «Лістоў з-пад шыбеніцы», выступы прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай супольнасьцяў. Да помніка былі ўскладзеныя кветкі і зьнічы.

Фінальнай кропкай маршу стала месца былой сядзібы роду Каліноўскіх, дзе прагучалі словы пра пляны яе адраджэньня і стварэньня музэйнага комплексу. Удзельнікі атрымалі памятныя граматы і памятныя паштоўкі.

Нягледзячы на мароз да –18°C, у маршы ўзялі ўдзел каля 100 чалавек.
Гэта стала жывым доказам таго, што гістарычная памяць і нацыянальная годнасьць аб’ядноўваюць нават у самых суровых умовах.

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе,
што тады толькі зажывеш шчасьліва,
калі над табой маскаля ўжо ня будзе».

Беларусы Замежжа | Даслаць навіну