* Бахмут не адпускае. Фантомы на дарозе *Глыбокая ноч 13 студзеня 2023-га, дарога Бахмут-Кіеў. Перад…

* Бахмут не адпускае. Фантомы на дарозе *

Глыбокая ноч 13 студзеня 2023-га, дарога Бахмут-Кіеў. Перад намі ўзнікла святло невядомага паходжання. “Быццам атамная станцыя” – падумаў я, убачыўшы гэту карціну.

Не. Гэта былі звычайныя цяпліцы ў Дняпры. Дзіўна, што яны так ярка свяціліся падчас неабходнасьці захавання начной маскіроўкі і веернага адключэння электрычнасьці з-за расейскіх абстрэлаў украінскай інфраструктуры.

На наступны дзень расейская ракета Х-22 трапіць у жылы дом у Дняпры і заб’е не менш за 46 мірных жыхароў…

Да Кіева гадзін 8 дарогі, а я ўжо некалькі разоў падумаў ці варта было так спяшацца? – Не адзін раз на гэтым шляху амаль непераадольныя перашкоды ўзнікалі перад намі.

Засталася апошняя – сон.

Палову дарогі за рулём быў Ваяр. Я быў за штурмана, бо начная дарога была нам тады яшчэ незнаёма.

Потым мы памяняліся і я сеў за руль. Праз колькі часу вочы пачалі закрывацца. Я з усяе моцы намагаўся трымаць іх расплюшчанымі. Праз нейкі час я пачаў бачыць на дарозе тое, чаго там не было:

Дарога звужвалася. Момантамі здавалася, што пасярод яе ляжаць бетонныя апоры неіснуючага маста. Сілай волі я адганяў гэтыя фантомы і мы ехалі далей. Ваяр і К.. драмалі.

У нейкі момант я спыніў машыну і выйшаў на мароз, каб скінуць з сябе сон. Потым зноў сеў за руль. Яшчэ праз нейкі час, разумеючы, што рызыка заснуць за рулём даволі вялікая, я разбудзіў Ваяра і той падмяніў мяне.

Задрамаў я на 15-20 хвілін і прачнуўся ад размовы пабрацімаў . Мы праязжалі Барысполь і ўжо стала відно.

Завезлі К.. дадому. Ён жыў у катэджным пасёлку Барыспаля ў даволі дабротным доме. Ягоная жонка пачаставала нас кавай.

Вельмі вялікі быў кантраст паміж нашым сырым падвалам пад Бахмутам і гэтым раскошным домам…

Кіеў сустрэў нас шэрым небам і хмурымі дамамі. Брудны снег падкрэсліваў гэтую сумную карціну.

Мы намагліся свайго і трапілі ў Кіеў своечасова як і хацелі, нягледзячы на ўсе падкопы Бахмута, які ні ў якую не хацеў нас адпускаць. У той дзень я паспеў перарабіць шмат запланаваных спраў.

(На фота: 13.01.2023-га, Днепр)