*Бой пад Гуляй Поле. Перастрэлка з рускімі* (аповед 9)Частка 1Было 16:04.- М(адрыд)! – пачуўся з-за …

*Бой пад Гуляй Поле. Перастрэлка з рускімі* (аповед 9)
Частка 1

Было 16:04.

– М(адрыд)! – пачуўся з-за зяленкі вокліч Ваўкалака. – М(адрыд) – Ваўкалаку! М(адрыд) – Ваўкалаку! – амаль адначасова данеслася з боку Ваўкалака і з рацыі К(арнэта). – Что у вас там происходит!?

Пасля гэтага паблізу ад нас зноў прагучаў трэск блізкай аўтаматнай чаргі. Відавочна было, што стралялі нашы ў бок рускіх.

– Ян, хорошо, повтори, – данесся з рацыі спакойны голас, які падкрэслена нетаропка вымаўляў кожнае слова, каб яны былі дакладна зразумелыя. Па гэтых прыкметах адчувалася, што гаварыўшы хлопец карэгаваў ход бою, знаходзячыся ў бяспецы штабу.


– М(адрыд) – Ваўкалаку! Что у вас там происходит!? – адначасова з гэтым спакойным голасам, і, нават, укантраст яму Ваўкалак усхвалявана і хутка, але зноў безпаспяхова спрабаваў дабіцца адказу па рацыі ад М(адрыда) ў баку якога шла страляніна.

– Пытанне: вы работаеце? – прагучаў па рацыі быццам бы голас Яна.

Страляніна ўзмацнілася.

– Ребята, сзади аккуратно! – пракрычаў нам Ваўкалак.
– Плюс! – крыкнуў я ў адказ.
– Сзади, с посадки ведут огонь! – удакладніў Ваўкалак.
– Плюс! – адказаў я і перамясціўся ў свой акоп, каб трымаць абарону з боку новай пагрозы – лесапаласы, што была з іншага ад дарогі боку прыкладна ў 100 метрах ад нас.