Знайшоўшы новае жытло, мы вярнуліся ў Мінькіўку сабраць рэчы. То быў наш апошні вечар там. У мяне бы…

Знайшоўшы новае жытло, мы вярнуліся ў Мінькіўку сабраць рэчы. То быў наш апошні вечар там. У мяне было некалькі гадзін вольнага часу. Іх я вырашыў вытраціць на сваю першую і апошнюю паўнавартасную экскурсію па гэтай вёсцы пад Бахмутам, каб запомніць якой яна была ў той перыяд майго жыцця.

Мой маршрут ішоў па прамакутнікам пралёгшай вясковай вуліцы. Унутры прамакутніка быў сапраўдны лес. На экскурсію я выйшаў без броніка. Але з аўтаматам.

17:22. Пахмурнае неба. Чорная зямля. Толькі-толькі з’яўляецца зеленца на ёй. У лесе распусьціліся жоўтыя кветкі ветраніцы і ліловыя – цярнавіка. На асобных дрэвах галінкі пачынаюць упрыгожвацца зялёнымі пачаткамі лістоты. Гэта дзіўна, бо яшчэ 5 дзён таму Бача лапатай расчышчаў заезд у наш двор ад наваліўшага да паловы калена снега.

Двор медыкаў. Захламлёны бытавымі прадметамі, звычайнымі для вёскі. У саду прама на траве бялее прамакутнікам старлінк на чорнай ножцы.

Уздоўж па вуліцы – пакасіўшыся драўляны непафарбаваны плот. Паміж ніжнімі і верхнімі папярэчынамі – ромбікі ў цэнтры кожнага пралёта. Закрытае драўляным лістом кальцо калодзежа на абочыне.

Газавая труба на металічных апорах знікае недзе разам з дарогай ў далечыні прамой вуліцы. Чамусьці яна пафарбавана не ў жоўты, а ў блакітны колер.

Новенькія бетонныя слупы электраперадачы. Тут, збольш, яшчэ ацалелыя, у гэтай частцы вёскі.

“Живут люди. 05.04.2023” – надпіс на зялёнай металічнай браме аднаго з падворкаў. Вокны цаглянага дома наглуха закрыты светазатрымліваючым матэрыялам.

Астоў бетоннай сцяны дома, кінутага шмат гадоў таму.

Падворак дома са спадарожнікавай антэнай. Брама расчынена. Яе ярка-зялёная металапрофільная абшыўка пасечана дробнымі аскепкамі.

Стары дом з чырвонай цэглы. Павалены драўляны стары плот перад ім. Дах дома пакрыты дранкай.

Паварот. Вуліца Залесная. У доме за блакітнай металічнай брамай “Живут люди”. Дата надпісу не ўдакладняецца.

На пустэчы між дамамі звалена каля дзясятка драўляных зялёных скрыняў з-пад снарадаў. Яны падобны да нашых скрыняў з-пад снарадаў да сапага.

Падворак без брамы і без плота. Вакно веранды завешана тонкім дываном на якім вытканы леў з львіцай.