Клачко: У беларусаў і украінцаў адзін вораг сёння – імперскія амбіцыі РасеіВетэран расейка-украінска…

Клачко: У беларусаў і украінцаў адзін вораг сёння – імперскія амбіцыі Расеі

Ветэран расейка-украінскай вайны, актывіст беларускай дыяпары Вільні Аляксандр “Кусь” Клачко распавёў Tg-каналу “Баста”, як ён бачыць будучыню Беларусі і Ўкраіны пасля падзення рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, што трэба рабіць ужо зараз, каб гэта будучыня стала магчымай, а таксама пра ролю, якую граюць беларусы і ўкраінцы ў выгнанні дыктатур з постсавецкай прасторы:

— Не зусім правільна аб’ядноўваць будучыню беларусаў і ўкраінцаў у адзін кейс. Вораг у нас сёння адзін. Будучыня не абавязкова павінна быць аднолькавай у розных народаў.

Мы павінны ўжо зараз ставіць перад сабой пытанне: “Якім чынам мы можам вярнуцца вольнымі беларусамі ў вольную Беларусь?” (Многія нават не думаюць пра гэта, альбо лічаць, што гэта павінна зрабіць за беларусаў нейкая іншая, трэцяя сіла. Ставяць за мэту вучыцца дэмакратыі, будаваць дэмакратыю сярод беларусаў замежжа, рыхтаваць праекты дэмакратыі для будучай Беларусі).

Дэмакратыя не дадзенасьць. За яе трэба змагацца: ахвяраваць асабістым дабрабытам, рызыкаваць асабістым здароўем і жыццём. (А не пець псалмы пра “жыццё – самая вялікая каштоўнасьць”. З такім падыходам застаецца толькі сесьці на канапе і лапкі скласьці, бо нават мірныя пратэсты 2020-га былі небясечнымі для жыцця). Барацьба мае розныя формы. Размова не абавязкова пра зброю. Чамусьці ўсе лічаць, што барацьба магчыма толькі са зброяй.

Незалежная Беларусь магчыма толькі пры ўмове паразы альбо аслаблення Расеі як імперыі.
Варта рабіць усё магчымая для супрацьдзеяння імперскім наратывам Расеі: як вайсковым чынам, так і культурным, дыпламатычным, эканамічным.

У беларусаў і украінцаў адзін вораг сёння – імперскія амбіцыі расеі. Братэрства нам хапіла. Кожны з нашых народаў кіруецца (і гэта натуральна) і мусіць кіравацца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі. Сёння нацыянальныя інтарэсы вольнай Беларусі супадаюць з інтарэсамі Украіны і Еўропы.

Інтарэсы вольнай Беларусі – вольная Украіна. Інтарэсы Украіны – вольная дэмакратычная еўрапейская Беларусь.