5 красавіка 2023. Снарады скончыліся. Новых у бліжэйшы час не чакаецца. Мы атрымалі загад з’язджаць з Мінькіўкі, бо, з кропкі гледжання Курсанта і Мыша знаходзіцца ў трох кілометрах ад лініі фронта без задачы – дарэмная рызыка.
Мы ўсе з нежаданнем успрынялі гэты загад. Нам падабалася тут: далёка ад кіраўніцтва, маляўнічая прырода (што рэдкасьць для Данбаса) – адчувалі сябе амаль як у дзяцінстве летам на вёсцы ў бабулі.
Але нічога не зробіш. Перад намі стаяла задача знайсьці жытло ў раёне нашай франтавой базы – у Канстанцінаўцы альбо яе ваколіцах.
А 10 ранку мы выехалі на пошукі. Шлях наш палягаў з Мінькіўкі па трасе Бахмут-Славянск праз сам Славянск і Краматорск у Канстанцінаўку.
Паколькі ў Канстанцінаўцы пустое жыллё знайсьці мы не змаглі з-за вялікага скаплення жывой сілы ЗСУ, то пошукі працягнулі ў ваколіцах.