СПГ-9. Самы дрэнны праднавагодні дзень (аповед 8)Частка 6 Загад падтрымаць Ваўкалака агнемУ гэты час…

СПГ-9. Самы дрэнны праднавагодні дзень (аповед 8)
Частка 6 Загад падтрымаць Ваўкалака агнем

У гэты час група Ваўкалака, якая ўдзельнічала ў штурме, адступіла на ўкраінскую СП-шку.

Гэта быў звычайны прыватны дом. Рускія занялі іншы прыватны дом у некалькіх дзясятках метраў ад Ваўкалака.

У хлопцаў адбываўся шчыльны стралковы бой.

Мы, нарэшце, атрымалі загад пагасіць контрактаку рускіх агнем з сапага.

Атрымаўшы каардынаты будынку ў якім заселі рускія, я вылічыў неабходныя параметры наводкі па Крапіве.

Воскар прадубляваў разлік для падстрахоўкі на сваім планшэце – лічбы супадалі. Хіба што дыстанцыя адрозніввлася часучьці (амаль заўседы потым так было) на некалькі метраў. Але то не крытычна.

Наводзіўся Ваяр. Замяніўшы ў гэтым Д(жона).

Мы не ведалі дакладна дзе знаходзіцца дом з Ваўкалакам – на лініі агню ці дзесьці побач. (Дом, як потым аказалася, стаяў правей і бліжей ад лініі агню.) Таму я прапанаваў дабавіць да разліку Крапівы 30 метраў.

Маўляў – хай лепш будзе пералет, чым выпадкова трапіць па сваім.

– Уверен? – павярнуў голаву ў мой бок Ваяр, які выконваў маніпуляцыі з прыцэлам.

– Так, – адказаў я.

– Пострэл! – крыкнуў Ваяр і націснуў на гашэтку пускавога механізму, што размяшчалася пад ствалом сапага.