СПГ-9. Самы дрэнны праднавагодні дзень (аповед 8)Частка 8 Аповед ТораВярнуўшыся на базу, першымі з н…

СПГ-9. Самы дрэнны праднавагодні дзень (аповед 8)
Частка 8 Аповед Тора

Вярнуўшыся на базу, першымі з нашых штурмавікоў каго мы ўбачылі, былі Дэн і Тор. Хлопцы жылі з намі ў адным памяшканні склепу.

Яны выходзілі асобна ад групы Ваўкалака.

Дэн сядзеў на стуле. Твар быў запэцканы ягонаю ж крывею. У нейкі момант ен літаральна высмаркаў з пашкоджанага носа аскепак, які быў да таго моманту не заўважаны ні ім, ні медыкамі. Аскепак быў ад вога, што разарваўся побач з Дэнам напачатку штурма.

Храмаючы ўвайшоў у памяшканне Тор. Яму ў ікру таксама прыляцеў аскепак. Раненне было легкім.

Хлопцы былі ўзбуджаны пасля бою і распавядалі пра тое як адбываліся падзеі. Запомніўся аповед Тора, які той расказваў як анекдот.

Тор з Дэнам адыходзілі групай удваіх вулачкай прыватнага сектару Бахмута. Рускія контратакавалі. Стралкатня аўтаматаў не сціхала.

Міма хлопцаў праехаў, быццам бы і няма ні вайны, ні бою, мясцовы жыхар на ровары. Ен ехаў кудысьці па сваіх справах, не звяртаючы ні на што і ні на каго ўвагі.

У нейкі момант перад хлопцамі паўстаў драўляны плот. Гэта быў тупік.
Дэн пачаў ударамі нагі ламаць плот. Тор чакаў побач. У гэты момант сзаду да Тора падыйшоў мясцовы мужык і, ледзьве не пахлопаўшы па плячу, запытаў:

– Может у вас прикурить будет?

Гэтыя паводзіны мясцовых падчас бою ўразілі хлопцаў хіба што не мацней за ўсе.

(На фота: наш склеп пад Бахмутам, 3 снежня 2022-га)