СПГ-9. Самы дрэнны праднавагодні дзень (аповед 8)Частка 7 Нас карэгаваў К(ажан)Першы ж выпушчаны нам…

СПГ-9. Самы дрэнны праднавагодні дзень (аповед 8)
Частка 7 Нас карэгаваў К(ажан)

Першы ж выпушчаны намі снарад разарваўся ў 3-ох метрах(!) перад домам.

Здаецца: бі з тымі ж наводкамі прыцэла і рускія застануцца ў захопленым імі доме назаўседы! (Мінімальная папраўка прыцэла па адлегласьці – 10 метраў).

АЛЕ…

НАС КАРЭГАВАЎ К(ажан)…

К(ажан) быў у групе Ваўкалака і карэгаваў ва ўмовах блізкага стралковага бою.

Пра тры метры мы даведаліся толькі ўвечары на базе ад Ваўкалака.

Па рацыі ж мы пачулі карэктыроўку К(ажана):

– Недолет 30 метров!

Як нам потым казаў Ваўкалак, трошкі сагнаўшы з нас кепскі настрой, ен нам перадаў па рацыі пра 3-ы метры. І гэта чулі ў штабе. Але, чамусьці, па нашай рацыі прайшла невядома як вылічаная К(ажаном) няправільная карэктыроўка ў 30 метраў.

Мы зрабілі папраўку і дадалі яшчэ 30 метраў дыстанцыі (агулам +60 метраў ад дадзеных Крапівы).

– Пострэл! – крыкнуў Ваяр і стрэліў.

Другі снарад, калі верыць К(ажану), пераляцеў на 50 метраў. Нешта не супадала. І мы не маглі зразумець дзе мы робім памылку. Гэта была нашая першая самастойная стральба з карэктыроўкай і без Г(ідры).

– Д(жон), наводзьцеся па першапачатковых каардынатах! – пачулі мы па рацыі голас Ваўкалака.

І тут у нас паўстала пытанне: па якім?! Па тым, што выдавала Крапіва альбо па інтуітыўна скарэктаванай мною дыстанцыяй +30 метраў?

Вырашылі не самадзейнічаць і навяліся як “казала” нам Крапіва (не дадавалі 30 метраў).

Выстрал.

– Недалет 50 метраў, – адкарэктаваў па рацыі наш стрэл К(ажан).

Яшчэ 14 снарадаў то недаляталі “строга” 50 метраў, то пераляталі на 100-150 метраў.

Перадапошні снарад, па версіі К(ажана) недаляцеў 50 метраў.

У нас на той момант, асабліва ў мяне, які рабіў разлікі пачалі “плавіцца клемы” ад непарузумення (хаця карэгаваць па прамой дыстанцыі не складана):

– Што мы робім не так!?

Я ўжо і пераправяраў наводку Ваяра, і з Воскарам дубляваў разлікі. Усе, здаецца, рабілі правільна.

І вось апошні стрэл. Як сказаў К(ажан) трэба было ўсяго-ткі дадаць +50 метраў дыстанцыі і мы трапляем у цэль.

Ваяр на прыцэле падкруціў дыстанцыю на +50 метраў. Выставіў вертыкальны і гарызантальны узроўні. Д(жон) пераправерый Ваяра.

Я пераправерыў Ваяра і Д(жона).

Выстрал!

– Перелет 150 метров! – паведаміў нам па рацыі К(ажан).

Як!!? Мы дадалі +50 метраў, а, калі верыць К(ажану), то мы быццам бы дадалі +200(!) метраў. Такога не магло быць!

Клемы ў нас “паплавіліся” канчаткова. Відавочна, што дзесьці была памылка. Мы прымалі яе на свой конт. Але мы не знаходзілі яе і гэта было самым непрыемным, дрэнным і складаным.

– ЭТО ХУДШАЯ МОЯ ВСТРЕЧА НОВОГО ГОДА, – за ўсіх нас агучыў наш настрой Ваяр.