Пошукі жылля для нашага падроздзела ПТРК ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка не далі вынікаў. А…

Пошукі жылля для нашага падроздзела ПТРК ў раёне населенага пункта Канстанцінаўка не далі вынікаў. Ані вольных кінутых гаспадарамі дамоў, ані дамоў у арэнду па аб’яўкам у інтэрнэце не было. А калі і былі вольныя пад арэнду, то здаваць групе вайскоўцаў ніхто не жадаў, клапоцячыся за касметычны рамонт жылых памяшканняў пасля нас.

Час ішоў. Нам трэба шукаць пазіцыю і пачынаць працаваць па рускім.

Зона нашай баявой працы падчас гэтай баявой кадэнцыі палягала каля вёскі Мінькіўка, што ў 12 км ад Бахмута. Пазіцыі рускіх знаходзіліся ў 3 км ад гэтай вёскі.

26 сакавіка 2023 выехалі на пошук пазіцыі. Выбралі вольную пазіцыю з гатовым бліндажом ў вузкай лесапаласе, прымыкаючай да дарогі ў 2 км ад расейскіх пазіцый.

Нашы медыкі з эвакуацыйнай групы знаходзіліся ў самой Мінькіўке. Спачатку мы планавалі засяліцца побач з імі ў другую палову дома.

Але наша новенькая парамедык паспела паскардзіцца нашаму кіраўніцтву, што мы на нейкі час спынілі свой пікап каля брамы іхняга дома. Д(жону) з-за гэтай скаргі вынес мозг толькі што прызначаны курыраваць батальён “Волат” украінскі афіцэр. Хаця гэта поўнае глупства: як па-іншаму разгрузіць 60-ці кілаграмовыя скрыні са снарадамі і сам СПГ-9? Гэта вайна і рызыка ёсьць заўсёды.

Гэты выпадак з нашымі медыкамі, якія баяліся, што наша актыўнасьць дэмаскіруе іх жыллё, а таксама бетонныя пліты перакрыцця над хілымі сценамі ўкраінскай хаткі (якія пры першым прылёце заб’юць нас хутчэй, чым расейскі снарад) паўплывала на нашае рашэнне шукаць іншае месца распалажэння.

Мы знайшлі яго ў 200 м ад распалагі нашых медыкаў. Кінуты вясковы домік з лазняй і незвычайным для майго вока вузкім калодзежам ў двары прыняў Куся, Ваяра, Д(жона), Бачу і Воскара як родных.

Побач быў дубовы гай з ручаём у яру. Наш дом межаваў з дзвюма іншымі дамамі але знаходзіўся ў зацішным месцы на паўднёвым ускрайку вёскі Мінькіўка. Да нашай пазіцыі адсюль было блізка – каля 1 км.

Мы адчувалі сябе нібы на лецішчы. Вакол прырода. Свежае паветра. Дрэвы ў дубовым гаю нагадвалі Беларусь і не былі падобныя на данбаскія: невысокія і тонкія.

Адзін мінус: у 3 км ад нашага новага дома знаходзіліся акопы рускіх.