25.11.2023 у сядзібе Галоўнае Ўправы ЗБВБ адзначаныя ўгодкі Слуцкага Збройнага чыну за Беларускую На…

25.11.2023 у сядзібе Галоўнае Ўправы ЗБВБ адзначаныя ўгодкі Слуцкага Збройнага чыну за Беларускую Народную Рэспубліку (1920 год).

На пачатку сходу, малітву за супакой душы тых, хто ахвяраваў жыцьцём ці пацярпеў у барацьбе за вольную Беларусь прачытаў а. Сяргей Стасевіч.

Далей прысутныя заслухалі прынагодны зварот Старныні Рады БНР на Экзылі Івонкі Сурвіллы.

З уводным словам пра Слуцкі Збройны чын і адзначэньне яго памяці ў беларускай дыяспары і ў Беларусі выступіў старшыня ЗБВБ Мікалай Пачкаеў. Выступоўца завершыў сваю прамову думкаю, што наступствы акупацыі БНР у сьнежні 1918 году Чырвонай Арміяй Савецкае Расеі, супраць якое збройна выступілі слуцкія войскі БНР пры першай магчымасьці ў 1920, яшчэ не пераможаныя.

У 1994-96 адбыўся рэванш у Беларусі ўлады, якая бачыць сябе пераемнікам савецкай бальшавіцкай і таксама абапіраецца на Расею.

Пасьля сакратар ЗБВБ Караліна Мацкевіч і вядоўца прачыталі вершы, прысьвечаныя Слуцкай вайне за БНР, у тым ліку напісаныя вэтэранамі слуцкіх войскаў БНР у 1920-х – 1950-х гг.

Галоўным выступоўцам на сходзе быў сп. Аляксандр Клачко, вэтэран палку ім. К. Каліноўскага ЗСУ Ўкраіны, які далучыўся праз Зум з Кіеву. Пасьля выступу ён адказаў таксама на рэакцыі і пытаньні прысутных на імпрэзе ў залі ЗБВБ і праз Зум.

Старшыня ЗБВБ ў адказ пагадзіўся з выступоўцам аб важнасьці веданьня гісторыі для захаваньня ваярскага духу сёньня, выказаўшы думку, што памяць і сьвядомасьць таго, што барацьба за свабодную беларускую дзяржаву ў Беларусі сёньня ёсьць працягам барацьбы многіх ранейшых пакаленьняў, сьвядомасьць свайго месца ў гэтай доўгай барацьбе – ёсьць важнай для гатовасьці таксама нашых сучасьнікаў да барацьбы і ахвяраў накарысьць, у сваю чаргу, лепшае будучыні для будучых пакаленьняў беларусаў.

Імпрэза завершылася адсьпяваньнем гімну БНР “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, які быў напісаны як “Ваярскі Марш” для беларускіх войскаў у 1919 годзе.