У той дзень, напрыканцы лютага 2023, мы адпрацавалі па цэлям і яшчэ засветла вярнуліся дамоў.Бача па…

У той дзень, напрыканцы лютага 2023, мы адпрацавалі па цэлям і яшчэ засветла вярнуліся дамоў.

Бача падрадзіўся схадзіць па воду да крыніцы, што цякла ў кілометры ад нашага дому ў яру. Ён не ведаў дакладнае месца і я яму патлумачыў як прайсьці да яе. На машыне ехаць ён адмовіўся – захацеў прагуляцца.

Я выйшаў з ім.

На Т-вобразным скрыжаванні Бача пайшоў да крыніцы ў паказаным мною накірунку – прама і налева, а я пайшоў направа і налева да скопішча гандлёвых кропак.

Каля самой крамы насустрач мне, з яе, выйшаў мясцовы хлопец гадоў за 30. Месца размінуцца нам хапала, нават негледзячы на падтаяўшую лужыну.

Але хлопец быццам наўмысна ішоў прама на мяне. Як звычайна ў такіх выпадках і ў мірным жыцці, я не звярнуў. Толькі напружыў плячо, у выпадку калі нахабнік не перадумае і не зверне на сваю палову тратуара.

Хлопец звярнуў і абыйшоў мяне.

Усё адбылося моўчкі.

Я зайшоў у краму. Стаў набываць патрэбныя прадукты. (Дарэчы, алкаголь у франтавой паласе не прадаваўся ў крамах)

Хлопец зайшоў у краму. Мяне гэта напружыла: навошта, калі ён толькі з яе выйшаў? Ён паводзіў сябе не зусім адэкватна.

Прадаўшчыцы пачалі размаўляць з ім як з вядомым усім навакольным мясцовым дурачком.

Набыўшы прадукты, я выйшаў з крамы. Хлопец выйшаў за мной.

Я знарок запаволіў крок, каб даць яму магчымасьць мяне абагнаць. Але хлопец не спяшаўся і таксама марудна ішоў.

Калі я падыходзіў да Т-вобразнага скрыжавання, хлопец ішоў за мной у некалькіх дзясятках метраў.

“Калі так і далей працягнецца, то ён дойдзе са мной да нашага дома і будзе ведаць нашу лакацыю. Халера яго ведае што за ён і што ў ягонай галаве. Мо “дуркаватасьць” – лепшае прыкрыццё для пасобніка акупантам – здасьць нашыя каардынаты і ноччу ў нас прыляціць снарад альбо, калі не пашкадуюць рускія, ракета С-300″, – такія думкі круціліся ў маёй галаве.

Таму я спыніўся тут. Сеў на выступаючы з зямлі каналізацыйны калодзеж. Паставіў аўтамат і пакет з прадуктамі побач на зямлю. І стаў чакаць куды далей пойдзе хлопец.

Хлопец ішоў прама на мяне. Я ўстаў. З дуркаватай ухмылкай ён працягваў ісьці на мяне. Ішоў так, быццам мой даўні добры знаёмы і вырашыў абняцца пасля сустрэчы.

У галаве прамільгнула думка выкарыстаць зброю, але я не ведаў хто перада мной. Таму проста адпіхнуў яго ад сябе са словамі: “Куды ідзеш?”

Хлопец не ўтрымаўся на нагах і ўпаў на зямлю. Упаў моўчкі, толькі нешта прамычаў. Незразумелая ўхмылка не сыходзіла з ягоных вуснаў.

Краем вока я ўбачыў Бачу які з каністрай і пяцілітровікамі, поўнымі вады, вяртаўся ад крыніцы.

– Ідзі адсюль куды ішоў! – крыкнуў я на хлопца.

Той працягваў моўчкі мне пасміхацца. Ўстаў. Але больш не імкнуўся мяне “абняць” і такжа моўчкі пайшоў у сваім накірунку – туды адкуль мы прыйшлі.

Бача падыйшоў. Я яму ў двух словах распавёў пра здарэнне. Узяў пару пяцілітровікаў, якія Бача ледзь нёс з-за сваёй гаспадаравітасьці (набраць карыснага і паболей за раз). І мы разам пайшлі дадому.

Мне было непрыемна ад здарэння з хлопцам. Але як па-іншаму весьці сябе ў франтавой паласе з незнаёмым патэнцыйна небяспечным чалавекам я не ведаў.