СПГ-9. Размовы ля вогнішча (аповед 1)Успаміны Ваяра7 студзеня 2023-га, Бахмут. Пазіцыя сапага Г(ідра…

СПГ-9. Размовы ля вогнішча (аповед 1)
Успаміны Ваяра


7 студзеня 2023-га, Бахмут. Пазіцыя сапага Г(ідра)-2. Памяшканне дрэваапрацоўчай майстэрні.

Д(жон), Ваяр і Б(уча), нарэшце, вярнуліся з бахмуцкай 9-ціпавярхоўкі, дзе яны тры дні прыкрывалі ўкраінскіх снайпераў.

З успамінаў Ваяра пра тыя тры дні:

… Рэгулярна снарады прыляталі па нашай дзевяціпавярхоўцы. Стралкатня то ўзмацнялася, то затухала, то бліжэй, то далей. Праблема была ў тым, што ў нас амаль адсутнічала сувязь з нашым ПУ (пункт упраўлення) ў Часавым Яры… У снайпероў была сувязь са сваім камандваннем, але яны былі над намі і займаліся сваімі справамі. А мы сядзелі і не ведалі што адбываецца вакол. Чулі толькі гукі бою і спрабавалі зразумець, што адбываецца. Але мы не валодалі ніякай інфармацыяй. І гэта наганяла страх. Ты не разумееш, тое што стралковы бой злева заціх, гэта таму што нашы адбілі штурм рускіх, ці гэта таму, што рускія ўзялі нашу пазіцыю і перабілі там усіх, і таму адстрэльвацца больш няма каму… Што адбывалася непасрэдна пад домам мы з сёмага паверха не бачылі. Таму адсутнасць інфармацыі, неразуменне таго, што адбываецца вакол, адсутнасць сувязі з ПУ і развітая фантазія, спрыялі таму, што узровень страху рэзка ўзрос. Мне асабіста за ўсю гэтую вайну ніколі не было так страшна, як на той дзевяціпавярхоўцы.

Наш разлік сапага зноў быў у поўным складзе. Гэта радавала. Мы гатовы былі працаваць далей. Але, як вы ўжо зразумелі, на вайне бывае час чакання загадаў падчас якога хлопцы могуць размаўляць на розныя тэмы.

Часцей за ўсё гэтыя размовы былі з разраду “ні аб чым” – пра іх на наступны дзень можаш і не ўспомніць. Часам гэта былі проста звычайныя жарты.