«Сёння не свята цюльпанаў, вясны ці жаночай прыгажосці. А Дзень змагання за правы жанчынаў. І сёння я хачу павіншаваць усіх беларусак з гэтым днём – днём нашай сілы і свабоды. І пазычыць таго, чаго зараз так не хапае кожнай беларускай жанчыне, – праўды.
Няхай вашыя калегі ці кіраўнікі замест скрынкі цукерак і словаў пра «ўпрыгожванне калектыву» будуць шчырыя з вамі пра тое, што мужчына на вашай пазіцыі хутчэй за ўсё атрымліваў бы заробак у сярэднім на 30% вышэйшы за ваш.
Дзяржава – шчыра прызналася б у тым, што міф пра сацыяльную дзяржаву разбураецца на вачах. Бо падтрымка маладых і шматдзетных сем’яў, мамаў, якія выхоўваюць сваіх дзяцей у адзіночку, і мамаў дзяцей з інваліднасцю – у Беларусі моцна адстае ад узроўню сапраўдных сацыяльных дзяржаваў.
Няхай міністэрства абароны шчыра скажа вам, што нашая краіна ўцягнутая ў вайну, вашых мужоў і дзяцей могуць забраць на фронт гінуць за інтарэсы рэжыму, які не паклапоціцца ні пра вас, ні пра вашых родных. А міністэрства ўнутраных справаў няхай скажа праўду: калі вы сутыкнуліся з хатнім гвалтам, то спадзявацца зможаце толькі на сябе. Бо закон аб хатнім гвалце так і не прыняты. Міліцыя занадта занятая пераследам нязгодных, а рэжым ужо закрыў усе шэлтэры і праваабарончыя цэнтры падтрымкі жанчынаў.
Я лічу, што кожная з нас заслугоўвае праўды і павагі. Жанчыны Беларусі заслугоўваюць жыць і атрымліваць асалоду ад жыцця, а не выжываць. Заслугоўваюць разлічваць на рэальную падтрымку дзяржавы, а не цягнуць усё на сваіх плячах.
Прыгожыя словы пра тое, што жанчыны – самае каштоўнае, што ёсць у Беларусі, – павінны пацвярджацца дзеяннямі. Дзяржаве сапраўды з намі вельмі пашанцавала! Дык няхай і яна адпавядае. Найлепшы падарунак, які мы можам зрабіць сабе, сваім сяброўкам і сваім блізкім людзям – гэта свабодная, дэмакратычная краіна, дзе правы кожнай абароненыя законам».