BELARUS MUST GO ON: Далучайцеся сваімі імпрэзамі да Дзён беларускай культуры Сусветны Дзень беларуск…

BELARUS MUST GO ON: Далучайцеся сваімі імпрэзамі да Дзён беларускай культуры

Сусветны Дзень беларускай культуры – акцыя, прапанаваная Беларускай Радай культуры, каб стварыць новыя месцы і фарматы, у якіх голас і моц нашай культуры змогуць працягваць гучаць. Па-за межамі ды турэмнымі мурамі, насуперак гвалту, ціску ды забаронам. У вымушана пашыранай геаграфіі, падзеленасці і аддаленасці адно ад аднаго. Праз супольную акцыю мы зможам заставацца на сувязі, а магчыма, і канвертаваць агульную траўму – у агульную моц.

Сёлета актыўнасці ў розных краінах стартуюць 7 ліпеня і будуць працягвацца некалькі тыдняў, без фінальнай даты.

Чаму менавіта 7 ліпеня? У гэты дзень нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал і Ян Чачот, таксама ў ноч з 6 на 7 ліпеня многія беларусы святкуюць Купалле. Сёлета  дата адметная яшчэ і юбілеямі Купалы і Шагала. Праекты, прысвечаныя знакавым для беларускай культуры асобам і падзеям, будуць прадстаўленыя цягам бліжэйшых месяцаў.

Калі вы хочаце далучыцца да глабальнага Дня беларускай культуры 7 ліпеня і/альбо ў далейшыя даты лета, ёсць шэраг варыянтаў, сярод якіх: 

Далучыцца да культурных мерапрыемстваў, якія праходзяць ў вашых гарадах (адмысловая мапа падзей з’явіцца на асобным сайце);
Сустрэцца з сябрамі ці зладзіць вечарыну для дыяспары;
Арганізаваць  дваравую сустрэчу, канцэрт ці пікнік;
Адзець беларускі строй, сплесці вянок, узяць у рукі кветкі ды выправіцца на доўгі шпацыр па горадзе;
Ускласці кветкі да помнікаў беларускім дзеячам культуры, наведаць месцы пахавання знакамітых беларусаў;
Калі вы жывяце за мяжою – можаце ўзняць наш сцяг над  мэрыямі вашых гарадоў, знакавымі мясцінамі ці проста вывесіць яго на акне вашай кватэры;
Спяваць беларускія песні;
Адсвяткаваць Купалле, запусціць феерверкі, намаляваць уласную папараць-кветку і загадаць галоўнае жаданне;
Падзяліцца са сваімі сваякамі, сябрамі і калегамі праграмай івэнтаў.

Разам з тым, Беларуская Рада культуры збірае дадзеныя пра любыя арт-актыўнасці беларусаў па ўсім свеце – на мапу культурных падзей ліпеня-жніўня, якая будзе размешчана на адмысловым веб-сайце. 
Таксама @by_culture будзе радая дапамагчы з прамоцыяй вашых івэнтаў і падрыхтоўкай адпаведных прома-матэрыялаў. 

Скарыстайцеся дызайнамі з брэнд-буку Дзён беларускай культуры

Напішыце у тэлеграм менеджаркам:
  @Wildest_Wind: што/дзе/калі вы збіраецеся ладзіць, каб з вамі маглі скаардынавацца па арганізацыйных і прамацыйных дэталях;
  @maryiat – у прыватнасці, калі вы плануеце рабіць мерапрыемствы ў гарадах і мястэчках Польшчы.