
Такім чынам мы працягваем добраўпарадкаванне беларускіх пахаванняў на віленскіх Свята-Ефрасіннеўскіх могілках.
У 1924–1926 гадах Уладзімір Лукашэвіч выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі праваслаўную рэлігію — Закон Божы, а пазней быў яе сакратаром. У архіўных дакументах ён таксама згадваецца як памочнік класнага кіраўніка і адзін з сяброў Бацькоўскага камітэта гімназіі.
На пасадзе выкладчыка Закону Божага Лукашэвіч змяніў праваслаўнага святара Міхаіла Пліса, які таксама пахаваны на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках і магілу якога мы раней прывялі ў парадак.
Уладзімір Лукашэвіч быў бацькам Раісы Лукашэвіч, у замужжы Галяк, жонкі беларускага грамадскага і палітычнага дзеяча Леаніда Галяка. Маці Леаніда — Аўгення Галяк пахавана у метры ад магілы Уладзіміра Лукашэвіча.
Сёння мы не толькі ўсталявалі новую шыльду, вырабленую за ўласныя сродкі, але і прывялі ў парадак сам крыж, пафарбавалі яго і павязалі стужку ў колерах беларускага бел-чырвона-белага сцяга, а таксама трохі прыбраліся на «беларускай горцы» Былінаў.
Гэта толькі частка нашай працы па захаванні беларускіх месцаў памяці на віленскіх могілках. Акрамя рэгулярнага прыбірання беларускіх магіл на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках, за апошні час мы ўжо грунтоўна займаліся пахаваннямі Усевалада Більдзюкевіча, Яна Цеханоўскага, святара Міхаіла Пліса і Камілы Марцінкевіч. Цяпер да гэтага спісу дадалася і магіла Уладзіміра Лукашэвіча.
Наперадзе яшчэ вельмі шмат працы. На могілках застаюцца беларускія пахаванні, якія патрабуюць догляду, аднаўлення надпісаў, рамонту крыжоў і помнікаў, а часам — і паўторнага вяртання імёнаў людзей, чые магілы дзесяцігоддзямі заставаліся амаль забытымі.
Банкаўскі перавод
IBAN:
LT667300010191071990
Атрымальнік:
APREIŠKIMO ŠVČ. DIEVO GIMDYTOJAI KRIKŠČIONIŲ ORTODOKSŲ PARAPIJA
Банк: „Swedbank”, AB
SWIFT-код: HABALT22
Прызначэнне плацяжу: Auka
Таксама можна ахвяраваць праз платформы:
Patreon — для бяспечных ахвяраванняў з Беларусі;
PayPal — толькі для ахвяраванняў з-за мяжы.
Дзякуй усім, хто сёння быў разам з намі, і ўсім, хто дапамагае захоўваць беларускую памяць у Вільні.